Матацыклам па Андалузіі, ч.1: Ідэя і падрыхтоўка
студзень 11, 2024Вітаю!
Так склаліся абставіны, што па шэрагу прычын у мяне не было магчымасьці паехаць у нейкае даўжэйшае мотападарожжа летам. Бліжэйшая магчымасць - кастрычнік, але варыянтаў куды можна камфартова паехаць у гэты час на колах было няшмат: у румынскіх Карпатах ці французскіх Альпах ужо вялікая імавернасьць зацяжных дажджоў, на поўначы ў Скандынавіі ўжо можа і сьнег ісьці, да Балканаў - далёка ды трэба ехаць і галоўнае вяртацца праз дажджы і пахаладаньне.
Ляцець кудысьці самалётам і арэндаваць матацыкл на месцы? Я мушу прызнацца што вельмі не люблю ездзіць на чужой тэхніцы, асабліва двухколавай. Лічу што матацыкл гэта даволі асабістая рэч. Атрымаць спраўдную асалоду ад язды магчыма толькі на добра знаёмай тэхніцы, якая наладжана пад сябе. Плюс мотаэкіпіроўка, шлемы, інтэркомы? Везці свае? Будзе дорага і нязручна. Што там на месцы запрапануюць - невядома.
Я ўжо падумаў, што мотасезон 2023 можа стаць самым расчаравальным за апошнія гады, пакуль не пабачыў відэа аднаго з польскіх мотаблогераў, з ягоным досьведам карыстаньня транспартнымі паслугамі для падарожжа ў Андалузію восеньню. Мне спадабалася сама ідэя, што ёсьць краіны, дзе восеньню можна камфортна паездзіць на матацыкле, такім чынам працягнуўшы мотасезон.
Калі коратка, ёсьць цэлы шэраг фірмаў, якія за грошы могуць адвезьці ваш матацыкл у нейкую краіну і прывезьці яго назад праз нейкі час. Вы жа сядаеце ў самалёт, ляціце як белы чалавек на месца, забіраеце матацыкл, падарожнічаеце, прывозіце яго назад на нейкі склад і вяртаецеся самалётам. Атрымліваецца такі рафінаваны варыянт мотападарожжа без тысяч кіламетраў даезду да мэты падарожжа.
Паглядзеўшы ўсе опцыі, мяне зацікавіў кірунак гішпанскай Андалузіі(я дарэчы ніколі не быў у кантынэнтальнай Гішпаніі). Андалузія - гэта рэгіён, які можа шмат чаго запрапанаваць: горы, мора, гістарычныя гарады, архітэктура, кухня і г.д. Можна наведаць Гібралтар ды паглядзець на Афрыку праз гібралтарскі праліў, які спалучае Антлантычны акіян з Міжземным морам. У кастрычніку там звычайна суха і сонечна: паветра каля +25-27 градусаў, мора канешне халаднейшае, але плянаў ляжаць на пляжы і не было :) Добра, Андалузія дык Андалузія!
Кошты падарожжа на колах
Скажу шчыра, я заўсёды лічыў што такога тыпу паслугамі карыстаюцца толькі мажоры ды пазёры, адным словам гультаі. "Сапраўднаму матацыклісту гэта ж кайф накруціць лішнюю тысячу кіламетраў!" - сказаў бы я, калі вы б мяне спыталі пра гэта раней.
Але з цікавасьці я вырашыў усё падлічыць і параўнаць оба варыянта, давайце паглядзім разам. Вось так выглядае мапа даезду ад Уроцлава да Малагі:
Калі паедзем на сваіх колах мы маем каля 3000км у адзін бок, і гэта без уліку паездак па самой Андалузіі.
Свой максімум дзеннага прабегу я зрабіў у 2021 годзе і гэта было 650км, з якіх 80% быў нямецкі аўтабан, але амаль увесь час падаў моцны дождж, таму прыходзілася ехаць вельмі асьцярожна.Напэўна, пры добрых умовах, я мог бы зрабіць больш-менш 800км дзённа. Таму мы маем 4 дні чыстага часу язды ў адзін бок. Вядома, па дарозе можна было б заехаць туды-сюды нешта паглядзець, але не ўлічваем гэта, бо тады наша падарожжа расцягнецца на месяц(якога няма). Мэта падарожжа - Андалузія, рэшта нас не цікавіць.
Немалаважна тое, што пасля 4 дзён аўтабанаў самай мяккай частцы будзе патрэбны адпачынак, мінімум адзін дзень.
Пры сярэднім расходзе 5.5л/100км і кошце літра паліва каля 1.5€, атрымліваецца кошт у адзін бок каля 247.5€. Плюс трэба далічыць платныя дарогі ў Францыі і Гішпаніі. Вось што прыкладова паказвае мне Waze:
Плюс мінімум 4 ночы ў гатэлях па 100€ за ноч(напэўна можна і нешта больш таннае знайсьці, але гэта ж водпуск, а не бадзяжніцтва). Чым далей на Захад тым даражэй. Атрымліваецца 732-793€ у адзін бок. І гэта без уліку вады, ежы, стомленнасьці і магчымых форс-мажораў. Разам каля 1500-1600€. Няблага.
Кошты падарожжа з транспартам
Фірма, якую раіў мотаблогер, гэта Ўроцлаўская фірма MotoTravels.
Гэта не рэкляма, прынамсі мне нічога не заплацілі за гэта!Я папытаў знаёмых матацыклістаў, пашэрсціў інтэрнэт у пошуках водгукаў і апіній і прыйшоў да выснавы што фірма мае добрую рэпутацыю. Яны працуюць ня першы год, знаходзяцца ў маім горадзе і, ў параўнаньні да канкурэнтаў, мелі лепшую цану на момант плянаванага падарожжа.
Кошт іх паслуг гэта 700€ ў абодва бакі. У гэтую суму таксама уваходзіць транспарт усіх дадатковых рэчаў - куфры, мотаэкіпіроўка, шлемы і г.д. Падрыхтаваны да транспартыроўкі матацыкл і багаж трэба прывезьці на склад ва Ўроцлаве ў адпаведны дзень(ёсьць опцыі таксама для Варшавы і іншых гарадоў Польшчы). Потым сваім ходам дабрацца да Малагі і забраць матацыкл з склада ў Малаге нападалёк ад аэрапарта. Матацыкл можна забраць у любы час і вярнуць у любы час, але ёсьць пэўны дэдлайн - 2 тыдні. Потым фура з матацыкламі вяртаецца ў Польшчу з вашым матацыклам ці без.
Дзеля аб'ектыўнасьці параўнаньня падлічым кошт авіяквіткоў: у мяне атрымалася знайьсці білеты на двух чалавек у патрэбным мне часе за 1000zł ці 230€.
З мінусаў: у патрэбны мне час не было бесперасадкавых квіткоў да Малагі, а на час вяртаньня быў прамы рэйс, але на яго трэба было чакаць шмат часоў. Таму дадаем яшчэ 200€ на начлег. Атрымліваецца каля 1130€ ў абодва бакі.
Як не круці - транспарт на такую дыстанцыю выходзіць больш карысным, асабліва па часе. Вырашана, трэба спрабаваць.
Падрыхтоўка
Уся транспартная паслуга надаецца афіцыяльна, з падпісаньем умовы. Мне вельмі спадабалася што працэс падпісаньня ажыццяўляўся цалкам анлайн. Пасля аплаты задатка, я атрымаў вельмі вычарпальную падрабязную інструкцыю па падрыхтоўцы матацыкла і багажу да транспартыроўкі, нават з фоткамі па некаторых незразумелых момантах.
З матацыкла трэба было зняць шыбу, куфры, люстэркі.
Трэба было знайсьці картонныя каробкі і запакаваць туды куфры і ўвесь багаж. Спачатку думаў пайсьці пабірацца ў мясцовую краму, але потым акзалася што картонныя каробкі можна набыць у мясцовым будаўнічым магазіне.
Забягая наперад, скажу што гэта было слушнае рашэньне, бо з гэтымі каробкамі ня вельмі цэрымоняцца, а памятайце што яны маюць служыць вашым рэчам яшчэ раз пры вяртаньні дадому. Так што раю заінвеставаць трошкі грошаў у новыя і якасныя каробкі.Адпраўка
Дзень адпраўкі. Прыехалі на склад, час перадаваць матацыкл у рукі транспартнай фірмы.
Працэс адпраўкі выглядае так: каробкі падпісваюцца і адносяцца ў багажную частку прычэпу фуры, матацыкл фатаграфуецца, усе існуючыя пашкоджаньні фіксуюцца і падпісваецца акт прыма-перадачы. Матацыклы, зразумела, застрахаваныя на час транспартаваньня.
Потым матацыкл застаецца на складзе, бо пакуюцца яны ў фуру асобна, у металёвых рамках.
Разам з гусём у гэты дзень ехала яшчэ 68 іншых матацыклаў. Увесь працэс быў даволі хуткім і простым - відавочна што фірма працуе ня першы год, як і відавочна што большасьць кліентаў побач з намі карыстаюцца гэтымі паслугамі ня першы раз.
Фура з матацыкламі выехала наступнага дня ў кірунку Малагі. Праз 4-5 дзён матаыцкл будзе ўжо чакаць нас.
Было канешне вельмі хвалююча, але час самім зьбірацца ў дарогу.
Увага, бонус для тых, хто чытае да канца :)
Відокі на французскія Альпы. Менавіта там знаходзіцца знакаміты Route des Grandes Alpes, які ёсьць у маім асабістым матацыклетным must-visit спіску. Спадзяюся там пабываць у будучыні.
Спасылка на наступную частку ў каторай мы атрымліваем матацыкл і знаёмімся з ваколіцамі Малагі.