Матацыклам па Андалузіі, ч.11: Нацыянальны парк Cьера-дэ-Грасалема
сакавік 14, 2025Вітаю ў адзінаццатай частцы майго падарожжа па Андалузіі!
Спасылка на папярэднюю частку пра ўнікальнае мястэчка Сетэніль-дэ-лас-Бодэгас, пабудаванае ў скале.
Пасля наведваньня гарадоў захацелася насалодзіцца прыгажосьцю мясцовай прыроды.
Непадалёк ад Ронды знаходзіцца нацыянальны парк Cьера-дэ-Грасалема. Добра памятаючы ў якім захапленьні мы былі ад Сьера Невады, вырашылі наведацца туды.
У гэтым парку, па інфармацыі з інтэрнэту, знаходзіцца шмат пячораў і прыгожых пешых турыстычных маршрутаў, але пакінем іх на наступны раз. Сёньня будзе першае павярхоўнае знаёмства з гэтым месцам.
Аглядаючы мапу парку, падалося добрай ідэяй заехаць у яго па дарозе А-372 да Грасалемы, потым на поўнач праз серпантыны да горнага возера Zahara-El Gastor, а затым кіравацца на паўднёвы захад да El Bosque і далей па дарозе A-373, аб'язджаючы парк па краях.
Рушаем наперад!

Грасалема і ваколіцы
Усходняя частка дарогі A-372 крутая і малалюдная(па-за сезонам), з якасным асфальтам.



Хочацца нясьпешна ехаць і азіраць усё навокал.



Зьмена плянаў
У Грасалеме мы павінны былі павярнуць на поўнач, каб паглядзець на горнае возера. Раптам аказалася, што ў гэтым нацыянальным парку адбываецца нейкае аўтаралі і дарога на поўнач зачыненая.
Пра аўтаралі мы здагадаліся самі па машынах на ўзбочыне: мясцовы паліцэйскі, які не пусьціў нас далей, валодаў, вядома, толькі гішпанскай мовай.

Няма чаго рабіць: едзем на захад праз А-372 у кірунку El Bosque і спрабуем аб'ехаць паўднёвую частку парку.
Наступны прыпынак - аглядальны пункт Puerto del Boyar, які знаходзіцца на вышыні 1103м.

Заходняя частка А-372 яшчэ больш крутая і серпантынная, вельмі спадабалася.

Даехаўшы да мястэчка El Bosque, павярнулі на поўдзень па A-373 у кірунку іншага мястэчка з назвай Ubrique.
А-373 у параўнаньні да А-372 ужо не такая маляўнічая, але ўсё яшчэ цікавая. Нажаль без аглядальных пляцовак.
A-374 / MA-8403
У мястэчку Ubrique адчувалася напружаннасьць. Па колькасьці паліцыі на вуліцах, плякатах і сьцягах, мы здагадаліся, што аўтаралі сконьчыцца менавіта тут. Знайшоўшы пацьвярджэньне нашым здагадкам на мясцовых інтэрнэт-старонках, стала зразумела, што трэба ўцякаць адсюль пакуль зноў не перакрыюць усе дарогі і мы не трапім у пастку.
Хутка было вырашана праехаць на поўнач па А-374 да Грасалемы, а там можа атрымаецца зноў спрабаваць даехаць да горнага возера?

Набліжаўся час абедаць. Выпадкова была заўважана аглядальная пляцоўка з лаўкамі і шыкоўным відам на даліну і авечую ферму.



Паабедаўшы, мы паехалі далей у кірунку Грасалемы, насалоджваючыся відамі навокал. Як жа мы былі здзіўленыя, што дарога ад Грасалемы на поўнач так і засталася перакрытая - аўтаралі было ў разгары.

Што ж, нам нічога не заставалася як развітацца з плянамі на горнае возера і ехаць адзінай дарогай MA-8403, што нам засталася, на поўдзень.
MA-8403 аказалася вельмі спакойнай і маляўнічай, але з трошкі горшай якасьцю асфальтам.





Поўнач A-373
Пад канец дня, калі мы ўжо зноў апынуліся непадалёк мястэчка Ubrique, дзе абдудзецца фініш гэтага няшчастнага ралі, якое цэлы дзень нам псуе пляны, зьявілася ідэя паглядзець на яго на ўласныя вочы.
Паўднёвая частка дарогі А-373 лепшая ад яе паўночнай часткі.




Ubrique і фініш аўтаралі

Пакінуўшы матацыкл на вулічнай паркоўцы, мы пайшлі ў мясцовы супермаркет папоўніць запасы вады і перакусаў. Не змог не сфоткаць вось такую цікавостку: дармовыя чахлы на парасолькі на ўваходзе!

Здаецца, увесь горад сабраўся на вуліцы паглядзець на ралі, якое уяўла сабой некалькі дзясяткаў машын, якія
з шумам і паленьнем гумы праляталі па вуліцах гораду(відэа ніжэй).
Натоўп быў ў захапленьні, асабліва моладзь і дзецюкі. Злавіў сябе на думцы, што нашыя гарадкі з насельніцтвам ~15 тысяч жыхароў аб такіх івэнтах могуць толькі марыць.
Відэанарэзка з цэлага дня:
Відэанарэзка з цэлага дня
Калі шчыра, то я вельмі хваляваўся за матацыкл, пакінуты на вулічнай паркоўцы. Горад маленькі - калі б нехта захацеў яго скрасьці, то гэта бы быў ідэальны момант, бо нават алярм бы ніхто не пачуў. Але ўсё абышлося - матацыкл чакаў нас там дзе мы яго пакінулі :)
Зваротную дарогу да Ронды мы ехалі ўжо ў поўнай цемры. Двойчы перад матацыклам дарогу перабягалі касулі - усё ж такі гэта ў першую чаргу нацпарк. Мне вельмі нагадала гэта начныя праезды па аўтадарозе праз белавежскую пушчу. Вельмі небяспечна.
Стомленыя і поўныя ўражань мы павернуліся ў гатэль у Рондзе.
Будзе працягнута.