Матацыклам па Андалузі і, ч.2: Montes de Málaga
люты 29, 2024Вітаю ў другой частцы майго падарожжа па Андалузіі! У гэтай частцы распавяду пра атрыманьне матацыкла ды пазнаёмлю Вас з наваколлямі Малагі.
Спасылка на папярэднюю частку для тых хто прапусьціў.
Некалькі слоў пра палёт да Малагі.
Нажаль у кірунку Малагі не атрымалася знайсьці прамы рэйс у патрэбным нам часе. Адзінай зручнай опцыяй быў рэйс з перасадкай у Венецыі. Квіткі вырашыў браць у аднаго вядомага сэрвіса-пасярэдніка: так, я павёўся на рэкляму што яны будуць "падтрымліваць і дапамагаць" у выпадку калі рэйсы будуць затрыманыя альбо скасаваныя. Але там аказалася усё ня так проста, бо пасля таго як усё купіў, аказалася што каб яны "дапамагалі" трэба яшчэ купіць дадатковыя страхоўкі, якія каштуюць амаль столькі ж, колькі і квіткі.
Больш таго, у рэчаіснасьці аказалася, што я мушу самастойна рэгістравацца і запаўняць усе дадзеныя на старонцы авіякампаніі, бо авіякампанія нічога ня ведае пра гэты сэрвіс-пасярэднік, а яны ня могуць зарэгістраваць мяне, бо згодна з правіламі гэта павінен рабіць толькі я сам. Адным словам - БЕЗ СЭНСУ, не раю, і наступным разам проста буду купляць квіткі без "дадатковых рук". Добра што хоць цана квіткоў была тая ж самая, што і на сайце авіякампаніі.
Дарэчы RyanAir мае старонку, дзе вы можаце праверыць колькі рэальна каштаваў ваш білет, калі вы таксама як я купілі яго ў нейкага перакупа.
Мы ляцелі з ручным багажам - усё толькі самае неабходнае, каб пераначаваць і дабрацца да складу, бо рэшта рэчаў як вы памятаеце паехала разам з матацыклам. У сярэдзіне кастрычніка ва Ўроцлаве ўжо была моцная восень: ледзьве цёплае сонца, але халаджавы вецер і частыя дажджы. Для шортаў ва Ўроцлаве было ўжо халаднавата, таму было вырашана ляцець у мота-джынсах і ў лёгкай куртцы.
Я не вялікі аматар палётаў лоўкостамі: мне заўсёды вельмі нязручна і цесна. Адна з галоўных праблемаў - каленкі націраюцца аб спінку суседа наперадзе. Але гэтым разам усё было інакш, глядзіце на фота:
Малага
Перасадка прайшла без праблемаў, хаця стыкоўны рэйс і прыляцеў са спазьненьнем. Як мне падказалі - гэта норма для лоўкостаў.
Малага прывітала нас трыццаціградуснай сьпекай: пасля восеньскага ўроцлаўскага надвор'я было дзіўна цёпла і незвычайна вільготна. Мозг ужо дзесьці ўнутры зазначыў што ўжо восень, а тут сапраўднае лета!
Аэрапорт Малагі даволі вялікі, але ён, можна сказаць, амаль у мяжы горада. Побач знаходзіцца чыгуначны вакзал з гарадской электрычкай, на якой можна хутка даехаць альбо ў цэнтр, альбо ў прыгарады.
Склад з матацыклам знаходзіцца ў 8км ад аэрапарта. Тэарэтычна можна было б і на таксі даехаць адразу пасля прылёту, але мы не былі ўпэўненыя што ўсё атрымаецца, таму атрыманьне матацыкла было заплянавана на наступны дзень.
Стомленыя пералётамі, мы вырашылі смачна паесьці і ехаць ў гатэль. Непадалёк ад аэрапарта знаходзіцца буйная шопінг-эрыя з вялічэзным фудкортам. Даехаць лёгка на гарадской электрычцы, якая ходзіць кожныя 20 хвілін і каштуе каля 3 еўра ад асобы.
Смачна пад'еўшы, мы паехалі нарэшце ў гатэль, які мы забукалі непадалёк ад складу. На гэты раз скарысталіся аўтобусам, які прыйшоў строга па графіку, але вось з пакупкай квітка ўсё было ня так гладка.
Аказалася што квіткі пакупаюцца пры ўваходзе ў аўтобус у кіроўцы. Можна заплаціць карткай, але чамусьці аніводная з маіх картак не спрацавала. Добра што былі дробныя наяўныя, бо ў кіроўцы няма рэшты: даслоўна на наступным прыпынку зайшоў пасажыр з купюрай у 100 еўра і кіроўца яму адказаў у праездзе :(
Атрыманьне матацыкла
На наступны дзень мы паехалі на склад за матацыклам. Паехалі на таксі, бо аказалася што ў суботу аўтобусы х одзяць раз на гадзіну і мы ўжо прапусьцілі бліжэйшы. У Малазе добра працуе Uber: цэны канешне даражэйшыя за польскія, але без трагедыі.
Склад знаходзіўся ў прамысловай зоне, на базе нейкага мясцовага мота-клуба:
І вось яна даўгачаканая сустрэча! Калі шчыра, то я вельмі хваляваўся за матацыкл...
Наш матацыкл быў ужо распакаваны, але рэчы яшчэ знаходзіўся ў фуры, таму прыйшлося трошкі пачакаць, пакуль знайшліся ўсе каробкі. Далей была справа 15 хвілін каб ўсё паскручваць і замантаваць і вось мы гатовы да падарожжа!
Вось так выглядала нашае заладаваньне:
A-7000
Мы не спадзяваліся што будзе так пякельна сьпякотна - градуснік паказваў больш за 30 градусаў, таму было прынята рашэньне паехаць у гатэль каб скінуць усе лішнія рэчы і бакавыя куфры. А пасля ўлегцы паехаць на найблізкія горы побач з Малагай каб паглядзець на яе з вышыні.
Горны масіў пра які ідзе гаворка называецца Montes de Málaga, які знаходзіцца на поўначы ад горада. Найвышэшая кропка - 1030 метраў, але наўрад ці туды можна заехаць на матацыкле.
Нашай мэтай была знакамітая траса A-7000, калі дакладна - яе першых 20 кіламетраў да агляднай пляцоўкі.
Яна прапануе прыгожыя краявіды, мае безліч паваротаў і найцікаваейшае - павароты на 360 градусаў. Каб вы разумелі аб чым я, выглядаюць яны вось так на мапе:
Як нам ехалася па гэтай трасе, прапаную паглядзець на відэа:
Павароты на 360 градусаў на A-7000
Mirador Francisco Vázquez Sell
Праз некаторы час мы з'ехалі з трасы ў кірунку агляднай пляцоўкі Mirador Francisco Vázquez Sell. Вось такія краявіды чакалі нас на вяршыне, як кажуць - замест тысячы слоў:
Людзей навокал няма ўвогуле. Аб'ехаць на матацыкле гэты ланцужок - справа ня вельмі складаная. Зрабілася цікава што ж там такога за паваротам. Пайшоў праверыць пешкі.
А за паваротам пажарны вадаём і пляцоўка для гелікоптараў:
Такая прыгажосьць навокал! І ні адзінай душы: лёгкі вецер, сонца, цішыня і спакой. На мапе я бачыў шмат пешых маршрутаў. Цікава ці гэта мы так прыехалі па-за сезонам ці тут заўсёды так?
Mirador Del Cochino
Далей мы паехалі ў кірунку агляднага пункту Mirador Del Cochino. Хацеў бы асобна звярнуць увагу на мясцовыя дарогі: яны ўсе тут у вельмі добрым стане, ня гледзячы на тое, што яны відавочна ня маюць нейкага вялікага значэньня і руху. Вось ня ведаю ці гэта заслуга мясцовых дарожнікаў ці проста дзякуючы сухому і цёпламу клімату?
Каб даехаць да Mirador Del Cochino трэба з'ехаць з асфальту і праехацца невялічкім афроўдам са спускамі і пад'ёмамі. На зусім шасэйных пакрышках я б можа і не паехаў, але на сваіх лёгка-афроўдных Pirelli Scorpion Rally STR я адчуваў сябе вельмі камфортна, нават с пасажырам прычэпнасьці не бракавала.
Mirador Del Cochino уяўляе сабой пляцоўку з шыкоўнымі краявідамі на горныя храбты і Малагу.
Канешне, без пасажыра і на нейкім матацыкле палягчэй там можна было б файна палётаць, вы толькі паглядзіце на горку ззаду:
У мяне былі такія помыслы спрабаваць прыехаць яшчэ раз самаму, але аднак вырашыў што больш бяспечней будзе не рызікаваць паламацца ў першы дзень падарожжа. Магчыма калі-небудзь потым набяруся досьведу з афроўдам і ўжо прыеду ганяць "ва ўсю мошч".
Таму абмежаваўся сузіраннем шалёных краявідаў мясцовай прыроды.
Я спадзяваўся дзесьці паабедаць з шыкоўнымі відамі, але ў нацыянальным парку не было аніводнага кафэ і здаецца я здагадваюся чаму. Бо людзей таксама няма. А сваю ежу мы нажаль не ўзялі з сабой. Таму нафоткаўшыся і наглядзеўшыся, мы вырашылі вяртацца ў кірунку Малагі.
Вяртаемся ў Малагу
Ніжэй па дарозе было яшчэ некалькі файных месцаў для фотаздымкаў:
Паабедаўшы, стала зразумела што сілаў больш няма, таму няспешна праехаўшыся па нейкім незнаёмым вулачкам мы вярнуліся ў гатэль. Час адпачываць і думаць пра плян на наступны дзень.
Падсумаваньне
Падсумоўваючы дзень, можна адназначна раіць для наведваньня трасу А7000 і масіў Montes de Málaga для паездкі аднаго дня, калі вы знаходзіцеся ў Малазе: вельмі блізка, вельмі прыгожа і вельмі ціха і спакойна. Не забудзьце пра ежу і піцьцё. Ну і калі вы ўмееце ў афроўд - магчыма аднаго дня будзе мала.
Спасылка на наступную частку ў каторай мы пакідаем Малагу і рухаемся ў кірунку Гранады, завітваючы па дарозе ў невялічкі курортны гарадок Нэрха(Nerja).