Матацыклам па Андалузіі, ч.3: Курортны горад Нэрха
сакавік 20, 2024Вітаю ў трэцяй частцы майго падарожжа па Андалузіі! У гэтай частцы мы пакідаем Малагу і рухаемся ў кірунку Гранады, завітваючы па дарозе ў невялічкі курортны гарадок Нэрха.
Спасылка на папярэднюю частку пра нацыянальны парк Montes de Málaga для тых хто прапусціў.
Выезд з Малагі
Перш за ўсё хацеў бы звярнуць увагу на цудоўныя краявіды раніцай у ваколіцах Малагі, вы толькі паглядзіце на гэтую прыгажосьць:
Адсюль насамрэч не хацелася выязджаць, але трэба ж іншую Андалузію паглядзець.
Згодна з нашым новым плянам, мы рухаемся ў Гранаду - там побач знаходзіцца нацыянальны парк Сьера-Нявада, які моцна нас зацікавіў. Да таго ж у гэтым парку знаходзіцца найвышэйшая кропка Гішпаніі - гара Mulhacén 3479м, таму краявіды павінны быць ачмурэнныя.
Я знайшоў інфармацыю, што на адну з вяршынь - гару Veleta 3396м быццам можна было ўехаць на колах, але яна была даволі спрэчная: нібыта раней можна было, але зараз нібыта не. Таму трэба ехаць і глядзець сваімі вачыма.
Была яшчэ адна справа ў Малазе, якую трэба было зрабіць: у гэты дзень былі выбары ў польскі сойм, таму трэба было завітаць у мясцовы кансулят і споўніць свой грамадзянскі абавязак.
Выязджаем з Малагі і кіруемся ў бок Нэрхі па аўтастрадзе А-7.
Некалькі слоў пра першыя ўражаньні ад аўтастрады: асфальт добрай якасьці, трафік ня вельмі вялікі, кіроўцы агулам спакойныя, ніхто не ганяе як уджалены і не міргае ў спіну калі ты хоць на секунду затрымаешся ў левай паласе(прывітаньне, Польшча!).
Аўтастрада з аднаго боку абмежаваная гарамі, з іншага - марскім узбярэжжам, але за шмат часу аглядаць відокі няма, бо яна ўвесь час пятляе як улева-управа, так і ўверх-уніз альбо адначасова ў абодвух плоскасцях.
Адзінае што неспадабалася - адсутнасьць магчымасьці затрымацца на ўзбоччу і ўвогуле аглядальных пунктаў, каб насалодзіцца краявідамі.
Нэрха
Дарога да Нэрхі заняла каля гадзіны. Сонца было ўжо даволі высока, сьпякота за 30 градусаў. Таму варта было спыніцца і перачакаць самую сьпеку ў горадзе, як і было заплянавана.
Нэрха - невялічкі курортны гарадок на ўзбярэжжы Коста-дэль-Соль. Нас зацікавіла ў першую чаргу праменада Balcón de Europa - вуліца якая сканьчваецца балконам з шыкоўным відам на мора. Раней гэта была фартыфікацыйная вежа з вайсковым значэньнем, якая была разбурана падчас адной з шматлікіх войн у гэтым рэгіёне.
Па легендзе, што мне распавяла Вікіпедыя, у 1885 годзе кароль Альфонса XII, які прыехаў сюды паглядзець на наступствы моцнага землятрусу, быў так зачараваны краявідамі што ўсклікнуў "Гэта ж балкон Еўропы!". Так і атрымалася сучасная назва. Зараз пра вайсковае мінулае нагадваюць толькі дзьве гарматы якія поўняць ролю помніка тых часоў.
Паркуемся ў цэнтры. Закрытыя паркоўкі не трапіліся нам на вочы, таму вырашылі скарыстацца агульнадаступнай паркоўкай для матацыклаў.
Я мушу прызнацца што меў у галаве некаторыя стэрэатыпы пра крадзежы ў Гішпаніі. Хоць я засцярог усё рухомае на матацыкле, было вельмі хвалявальна пакідаць яго так проста на вуліцы.
Ідзем маляўнічымі вузкімі вулачкамі ў бок знакамітай праменады.
Вось что гішпанцы ўмеюць - так гэта ўпрыгожваць свае вуліцы:
Геніяльная і простая ідэя з гэтымі пліткамі з мазаікай, але як класна выглядае!
Рабілася ўсё больш сьпякотна, таму трэба было трошкі ахалонуць і вось найлепшы сродак для гэтага - фрапэ:
Пасля адпачынку і асвежаньня, час шпацыраваць па праменадзе! Паўсюль шмат турыстаў, у асноўным шаноўнага веку. Шмат кафэ, рэстаранаў, магазінаў, вулічных музыкаў. Я б з задавальненьнем канешне адпачыў у такім мейсцы на пенсіі :)
Побач з праменадай знаходзіцца пляж. Была вялікая спакуса вярнуцца да матацыкла па плаўкі ды рушнік. Але ў канцы канцоў пляжны адпачынак было вырашана заставіць на іншую аказію. Нас чакае яшчэ 100 кіламетраў трасы да Гранады.
Ад гэтых краявідаў я магу бясконца атрымліваць асалоду:
Сама праменада аказалася даволі невялічкая, на фотаздымках яна выглядае значна масіўней, але ў рэчаіснасьці яна насамрэч даволі ўтульная.
Асобую атмасферу канешне ствараюць вулічныя музыкі. Я рэдка даю грошы так проста на вуліцы, але гэты хлопец так файна спьяваў(здагадваюся што пра кабет ды любоў!), што нават я не ўтрымаўся каб даць яму трошкі дробных манетаў:
Nerja, Andalusia Trip 2023
Час мінуў нечакана хутка. Трэба вяртацца да матацыкла.
Матацыкл на месцы, рэчы - таксама, абышлося.
Акведук El Acueducto del Águila
У ваколіцах Нэрхі нас чакала яшчэ адна кропка - 40-мятровы акведук El Acueducto del Águila, які быў пабудаваны ў 19 стагоддзі для падачы вады ў мясцовы млын.
Бачыў па фотках у інтэрнэце, што некаторыя матацыклісты знаходзілі дарогу каб пад'ехаць пад сам акведук знізу. Але ў рэчаіснасьці гэтая ідэя каб з'ехаць цяжкім гусём мне паказалася ня вельмі добрай, таму мы абмежаваліся фотаздымкамі зверху.
Цяпер можна апавядаць што мы пабывалі ў Нэрсе і пабачылі ўсе цікавосткі. Час ехаць у Гранаду!
Аўтастрада A-44
Некалькі слоў яшчэ пра аўтастраду А-44, якая вядзе ад ўзбярэжжа на поўнач да Гранады. Калі я вышэй пісаў пра тое, што А-7 крутая, то гэтая аўтастрада была яшчэ ў некалькі разоў круцейшая. Яна праходзіць у гарах праз цясніны і вадаёмы, так, тут няма марскіх краявідаў, але затое ёсьць эстакады, якія ідуць на значнай вышыні, і відавішчы з іх - уууух...
Вельмі шкада што я не прычапіў камеру - я ж ня ведаў што да самой Гранады затрымацца будзе няма дзе, таму фоткі гэтай аўтастрады прыйдзецца пазычыць з інтэрнэту(прабачце, праваабладальнікі, калі ласка).
З мінусаў: на іх вельмі моцна вее вецер, часта моцнымі павевамі - гэта не дае расслабіцца і насалодзіцца дарогай. Таксама ўвогуле няма аніякага ўзбочча каб затрымацца і аглядзецца, але здаецца я ўжо пачаў прызвычайвацца да гэта.
Таксама кінулася ў вочы што на гэтых аўтастрадах няма заправак: хочаш заправіцца - з'язджай у горад. Вельмі нагадала Нямеччыну.
Адным словам, моцна раю праехацца гэтай аўтастрадай, яна вельмі незвычайная. Адрэналін гарантаваны.
Спасылка на наступную частку ў каторай мы наведаем нацыянальны парк Сьера-Невада.