Матацыклам па Андалузіі, ч.4: Нацыянальны парк Сьера-Невада
красавік 30, 2024Вітаю ў чацьвёртай частцы майго падарожжа па Андалузіі!
У гэтай частцы мы будзем любавацца прыгажосьцямі нацыянальнага парка Сьера-Невада.
Спасылка на папярэднюю частку невялічкі курортны гарадок Нэрха для тых хто прапусціў.
Ітак, пачнем!
Як вы ўжо ведаеце з папярэдняй часткі, мы прыехалі ў горад Гранада - сталіцу аднайменнай правінцыі, якая ўваходзіць ў склад Андалузіі.
Чаму мы выбралі менавіта Гранаду ў якасьці апорнага пунтку і месца для пражываньня на наступныя пару дзён?
Гранада перш за ўсё гэта горад з багатай гісторыяй, шматлікімі помнікамі старажытнага дойлідства, а таксама горад, ў ваколіцах якога знаходзіцца нацыянальны парк Сьера-Невада, які быў адзінай з галоўных мэтаў нашага падарожжа.
Нацыянальны парк вельмі вялікі, наведаць усё наўрад ці магчыма за адзін раз, таму было вырашана сфакусавацца на ягонай паўночна-заходняй частцы, і па магчымасьці спрабаваць у'ехаць на другі па вышыні пік - Pico del Veleta.
У нацыянальны парк вядуць дзьве асфальтавыя дарогі: A-4025 ды A-395, але мне яшчэ вельмі хацелася праехаць серпантынам A-4030 - ён выглядаў на мапе вельмі шматабяцаючым, таму мы вырашылі пракласьці маршрут праз вёску Гюэхар-Сьерра і рухацца далей да лыжнага курорта з аднайменнай назвай - Сьера-Невада.
Потым павінна быць грунтовая дарога на пік Велета, але як я пісаў у першай частцы, па адных звестках нібыта можна праехаць, па другіх - не, таму паглядзім што і як будзе на самай справе.
Усё непатрэбнае застаецца ў гатэлі, уключаючы цяжкія бакавыя кофры з рэчамі, улегцы рухаемся па дарозе GR-3200 ў кірунку першай кропкі на нашым маршруце - вадасховішча Embalse de Canales.
Я ўжо ў захапленьні ад самага пачатку: краявіды пачынаюцца ўжо адразу на выездзе з Гранады, дарога з новенькім якасным асфальтам, хоць і даволі крутая.
Вадасховішча Embalse de Canales
Падчас плянаваньня маршруту я пабачыў кропку на мапе і падумаў што цікава было б паглядзець на гэтае штучнае возера пасярод гораў.
Нажаль, тыя фоткі што я аглядаў былі зроблены хутчэй за ўсё вясной, бо зараз восеньню вадасховішча было амаль пустое. Але ўсё роўна прыгожа.
Вікіпедыя падказвае што было пабудавана ў 1988 годзе, выкарыстоўваецца для забяспечаньня вадой мясцовага насельніцтва, ірыгацыі і генерацыі электраэнергіі.
Далей кіруемся ў бок Гюэхар-Сьерра, невялічкай маляўнічай вёскі пасярод горнага масіву, з вузкімі вулачкамі і крутымі паваротамі з перападамі вышыні. Паглядзіце самі на відэа:
Вёска Güéjar Sierra
У некаторых месцах пад'ёмы такія крутыя, што мой пасажыр пачынае моцна хвалявацца, але на шчасьце ў БМВ хапае моцы і конскіх сілаў каб працягваць рух. Не ўяўляю як там людзі жывуць штодзённае жыцьцё, асабліва пенсіянеры.
Вёска сконьчылася, едзем далей дарогай A-4030. Яна даволі вузкая - паўтары паласы ад нармальнай, ня больш, але са свежанькім новым асфальтам. Галоўны мінус - безліч глухіх паваротаў: прыходзіцца скідваць хуткасьць, бо нічога не бачна, а потым з высілкам зноў яе набіраць.
Каб быць упэўненым што ня будзе сустрэчнага транспарту, то там можна было б файна праехацца з большым нахіленьнем у паваротах, аднак сустрэчныя машыны ўсё ж такі час ад часу трапляюцца.
Рэспект мясцовым кіроўцам што яны сігналяць гудкамі на кожным павароце, адзначаючы сябе, але ж я выбраў шлях павольнай і бясьпечнай язды.
Непадалёк ад месца дзе A-4030 перасякаецца з A-4025, мы знайшлі вось такую дзікую пляцоўку для адпачынку:
Вячэра і некалькі слоў пра ліяфілізаты
Найлепшы спосаб каб затрымацца ў гэтым месцы і насалодзіцца момантам - запарыць гарбату і зрабіць невялічкі перакус. Гэты спосаб я падглядзеў у аднаго мотаблогера і выкарыстоўваю яго рэгулярна. І вам раю!
Рэстаўрацыя ў такім месцы альбо была б поўнай людзей, альбо б каштавала мільёны. А так - толькі ты, твой улюблены пасажыр, твой матацыкл і ўся прыгажосьць навакольнай прыроды. І няхай увесь сьвет пачакае!
Дарэчы, у 2023 годзе, разам з турыстычнай пліткай для запарваньня кавы з гарбатай, я нечакана для сябе адкрыў для сябе турыстычную ежу, а дакладна ліяфілізаты: гэта звычайная ежа, з якой выцягнулі ўсю ваду і засушылі. Яна лёгкая, практычна не займае месца, не патрабуе лядоўні і вельмі смачная(і натуральная).
Звычайна гэта нейкае блюда, напрыклад паста баланьезэ альбо нейкі суп, альбо рыс з курыцай, альбо нават бульбянае пюрэ з ласосем у зручнай упакоўцы, якая выкарыстоўваецца ў якасьці посуду. Ёсьць шмат варыянтаў. Усё што трэба гэта заліць кіпнем вады і пачакаць пару хвілін.
Існуе таксама опцыя без кіпня: проста заліць халоднай вадой і пачакаць паўгадзіны. Я не спрабаваў так, бо гарачае канешне будзе смачней, але добра што і такая опцыя ёсць.
Адным словам, атрымалася шыкоўная рэстаўрацыя проста пасярод нічога: з смачнай ежай і цудоўнымі краявідамі, 5 зорачак з 5 :)
Нацыяльны парк Sierra Nevada - першая спроба
Працягваем рухацца наверх па A-4025. Кожныя пару хвілін затрымліваемся каб рабіць фоткі.
Сонца ўжо паволі заходзіць, і разам з хмарамі яно надае гэтым нерэальным краявідам дадатковага шарму і чароўнасьці.
Вышыня ўжо болей 2000 метраў над узроўнем мора.
Чым вышэй, тым больш падае тэмпература і мацней дзьме вецер. Злавілі сябе на тым, што пачынаем падмярзаць і не дзіўна - тэрмометр паказвае ўсяго +10°C! А мы, будучы ў сьпякотнай Гранадзе, нават не падумалі пра тое каб узяць цёплыя рэчы і што ўвогуле на вышыні будзе холадна...
Побач застаўся лыжны курорт. І вось у рэшце рэшт першы знак з вышынёй - 2500м!
Падымаемся крыху вышэй і за паваротам, на вышыні ў 2511 метраў... упіраемся ў тэрыторыю ваеннай базы і шлагбаум. Аказваецца што прайсьці далей можна толькі пешком ці на ровары. Пік Велета недаступны для транспарту з рухавікамі, нажаль.
Я насамрэч бачыў шмат сьвежых фотак у сеціве мотаў(кросавых) на месцы, падобным да піка Велета. Альбо існуе нейкая альтэрнатыўная дарога, альбо ўсе проста аб'язджаюць гэты шлагбаўм ды й усё - навокал нагадаю аніводнага чалавека. Але без мясцовых інсайдаў гэта выглядала як надзейны спосаб заработаць шмат клопатаў на сваю шыю і гаманец.
Шкада, але доўга мы не сумуем: вы толькі паглядзіце на гэтае неба і заход сонца!
Гэтае сонца, горы, неба, хмары, усё гэта разам уяўляе сабой неверагоднае відовішча. Акрамя нас няма аніводнай душы, цішыня і спакой. У такія моманты хочацца проста паставіць жыцьцё на паўзу і насалождвацца гэтым момантам.
Але шмат часу на захапленьні нажаль няма - моцны вецер робіць нізкую тэмпературу зусім невыноснай. Час вяртацца ў Гранаду ці прынамсі проста ўніз, дзе пацяплей.
Вырашылі ехаць назад той самай дарогай што прыехалі - A-4025. Кацімся ўніз, матацыкл ціхенька варкоча, я раслабіўся, спрабую не дрыжаць ад холаду і ня вельмі ўважліва слядкую за дарогай - усё роўна навокал ні душы.
Нават калі нехта і будзе ехаць, то фары я пабачу здалёк. Таму едзем і спрабуем наглядзецца на змрочнае навакольле калі я раптоўна бакавым зрокам заўважаю як нешта неспадзявана звальваецца з гары проста на дарогу...
Сказаць што я быў здзіўлены - не сказаць нічога. Бык быў колеру, падобнага да расліннасьці што расьце на схіле, таму пакуль ён не трапіў у сьвятло фары я не заўважыў яго. Я затармазіў, ён паглядзеў на нас, мы на яго. Пасьпелі зрабіць фотку на памяць, але ён сьпяшаўся па сваіх нейкіх бычых справах - таму перайшоў дарогу і пайшоў далей ўніз.
Рэшту дарогі я ўжо ехаў узіраючыся ў кожны камень на ўзбоччы, але больш ніякіх сюрпрызаў не было.
Спусціўшыся да скрыжаваньня з дарогай A-395 і знакам пачатка нацыянальнага парку, мы спыніліся каб паглядзець як нам павернуцца ў Гранаду. Першы варыянт быў ехаць так сама як прыехалі. З аднаго боку, канешне, калі хто будзе ехаць машынай, яго адназначна будзе відаць і чуць, але ўспомніўшы раптоўнага быка мы вырашылі не рызыкаваць і не ехаць праз A-4030 і Гюэхар-Сьерра - занадта круты серпантын ідзе для паездкі ў цемры.
Таму паехалі праз A-395 - найкрацейшы, але найменш цікавы шлях.
Нацыяльны парк Sierra Nevada - другая спроба
Абудзіўшыся на наступны дзень, мы ўвесь сняданак абмяркоўвалі Сьеру-Неваду. На сёньня па пляну быў адпачынак ад матацыкла і шпацыр па Гранадзе. Пра Гранаду будзе асобны невялічкі пост, але спойлер: у сілу некаторых знешніх абставінаў мы сконьчылі знаёмства з шумнай і поўнай турыстаў Гранадай даволі хутка. Мы зразумелі што нам хочацца зьбегчы ад гэтых натоўпаў і яшчэ раз паехаць у Сьеру-Неваду паглядзець на цудоўны заход сонца і чароўную прыгажосьць прыроды.
Плян нара дзіўся даволі хутка: была яшчэ аднага дарога GR-3202, якая выглядала вельмі цікава на мапе, да таго ж мы вырашылі падняцца ў сам парк па дарозе A-395 і заехаць у лыжны курорт - я знайшоў на гугл-мапах нейкую краму з сувенірамі, якая быццам працуе ў гэты час.
GR-3202 пачынае радаваць таксама ад самага пачатку: круты пад'ём, шматлікія павароты, але больш праглядныя і шырокія чым на A-4030.
І вось амаль адразу цудоўныя краявіды на гарадок Моначыль(Monachil) ўнізе:
Цудоўныя краявіды на гарадок Моначыль(Monachil)
У адрозьнені ад учорашняга маршруту, дзе было больш лясоў, гэтая дарога ішла праз праз лугі з выпаленнай сонцам жоўтай травой.
GR-3202
Час ад часу затрымліваемся разглядзецца ды зрабіць фоткі. Паглядзіце ў якім маляўнічым месцы знаходзіцца каменяломня:
Нажаль маіх геалагічных ведаў не хапае каб грунтоўна апісаць што гэтыя за горная парода, але гэтыя скалы больш светлыя чым тыя, што мы бачылі ўчора.
Жывёлы самі ціхонька пасвяцца. Ня ведаю ці заўсёды там так, але ўжо другі дзень мы назіраем як навокал пануе цішыня і супакоенасць.
Асобна хацеў дадаць гісторыю пра знакі на гішпанскай мове, якой я нажаль зусім не валодаю. Нам сустракалася шмат знакаў, якія былі напісаны проста тэкстам. Не заўсёды можна было інтуіцыйна здагадацца, як напрыклад вось тут:
Atencion - зразумела. Але Bandas Sonoras? Я спачатку падумаў што можа мы ўязджаем на тэрыторыю нейкай банды Sonoras ці што. Затрымаліся і я пачаў гугліць. Вось як пераклаў гэта гугл:
Што? Саўндтрэкі? Тут я ўжо зусім "паламаўся". Нажаль інтэрнэт быў даволі кепскі каб спрабаваць нешта знайсьці, таму прыйшлося ехаць на свой уласны рызык. Але на шчасьце ніякія банды, акрамя крупнарагатых, нам не сустрэліся па дарозе :)
Ужо ў гатэлі, я нагугліў што гэта хутчэй за ўсё была адзнака спецыяльнага маляваньня дарогі, якое пры правільнай хуткасьці будзе гучаць як нейкая мелодыя. Але як бачыце на фота, там ня тое што маляваньня, там нават ляжачыя паліцыянты амаль разваліліся. Дзіўна.
Нарэшце даехалі да афіцыйнага ўезду ў парк, вось і пацьверджаньне:
Дарога A-395 якасная, хуткая, але менш цікавая чым A-4030. Яно і зразумела: па гэтай дарозе хутчэй за ўсё ездзяць на лыжны курорт, узімку я бы абраў менавіта яе.
Прыехаўшы ў курорт, я зразумеў што наўрад ці нас чакае нейкая сувенірная крама, бо зачынена было літаральна ўсё, быццам жыцьцё тут спынілася. У самым цэнтры мы знайшлі адно адчыненае кафэ, дзе з нас парагаталі і параілі прыязджаць за магніцікамі праз пару месяцаў.
Адным словам - тыповае разгільдзяйства ўладальнікаў крамы, што не абнавілі гадзіны працы на мапе. За гэта заслужана атрымалі 1 зорку і дрэнны водгук. З падобнымі прыкладамі разгільдзяйства нажаль мы сутыкнемся ў розных месцах яшчэ не раз падчас падарожжа, мне падалося што гэта такая гішпанская фішка.
Добра, значыць будзем без магніцікаў. Едзем наверх да ваеннай базы, каб паназіраць заход сонца.
Сёньня з гор на дарогу пасярод нічога выходзілі ўжо коні:
Чым бліжэй пад'язджаем на верх, тым больш становіцца зразумела што сёньня прыгожага захода сонца мы не пабачым - вецер надзьмуў туман. Да таго ж ад ветру было неўтульна нават у цёплым адзеньні(мы зрабілі выснавы). Што рабіць, едзем уніз.
Туман
Вырашылі спускацца больш маляўнічай A-4025, па якой мы ехалі ўчора з той толькі розніцай што едзем не так позна.
А-4025
На гэты раз я быў ўжо больш уважлівы, і як апынулся - не дарма: перад намі раптоўна апынуліся два горных казляня.
Горныя казляняты на А-4025
Далей, спусціўшыся да пачатку парку, мы ўзялі курс на GR-3202 і далей на Гранаду.
Падсумаваньне
Што можна сказаць пра Сьеру-Неваду? За два дні мы праехалі зусім невялікі кавалачак гэтага парку, але ён ужо зрабіў моцнае уражаньне. Сюды хочацца прыехаць зноў і хочацца аб'ехаць гэты горны масіў даакола.
Неімаверная прыгажосьць прыроды, веліч гор, цішыня і спакой - вось як запомнілася нам гэтае месца. Я так файна адчуваў сябе толькі ў Альпах, але ў Сьеры-Невады ёсьць адзіная перавага - адсутнасьць масавага турызму(прынамсі ў кастрычніку).
Варта ўзяць з сабой ежы(тут нічога няма), вады, цёплыя рэчы для назірання захода солнца і насалождвацца блізкасьцю з прыродай. Адназначна мая рэкамендацыя ўсім хто катаецца па Андалузіі.
Дзякуй што дачыталі да канца.
Спасылка на наступную частку ў каторай мы наведаем Гранаду - горад у якім гранаты растуць проста на вуліцах.