← назад

Матацыклам па Андалузіі, ч.6: Кордава

чэрвень 30, 2024

Вітаю ў шостай частцы майго падарожжа па Андалузіі!

У гэтай частцы мы пакідаем Гранаду і рухаемся ў кірунку Кордавы, старажытнага горада які быў заснаваны яшчэ рымлянамі, па дарозе наведваючы некаторыя мясцовыя цікавосткі.

Асьцярожна, атрымаўся салідны лонгрыд.

Спасылка на папярэднюю частку пра гішпанскі горад Гранада, дзе гранаты растуць проста на вуліцах.

У Кордаву мы вырашылі паехаць трасай N-432 ці як яе яшчэ клічуць "шлях Халіфата"(Ruta del Califato): дзесьці на прасторах інтэрнэту я бачыў яе як чарговы "андалузскі мастхэў". Ехаць было недалёка, таму я знайшоў два замкі, у якія паспрабуем наведацца.

Дарога N-432 ці шлях Халіфата
Дарога N-432 ці шлях Халіфата

Нягледзячы на раніцу і пахмурнае надвор'е, на вуліцы ўжо было за 30 градусаў і стаяла спраўдная духата. З горада атрымалася выехаць даволі хутка, але ж амаль адразу надышло расчараваньне, калі шырокая чатырохпалосная дарога ператварылася ў звычайную двухпалосную.

N-432 ператварылася ў звычайную двухпалосную дарогу
N-432 ператварылася ў звычайную двухпалосную дарогу

Віды навокал радавалі вока: бясконцыя фермы і радкі дрэў паміж халмоў і ўзгоркаў, прыгожа. Нічога падобнага я ня бачыў. Але насалоджвацца доўга не атрымалася: на дарогу пачалі часта выязджаюць трактары і іншая ціхаходная тэхніка, якую было вельмі цяжка абагнаць з-за вялікай колькасьці сляпых паваротаў.

N-432: трактары, якія цяжка абагнаць з-за вялікай колькасьці сляпых паваротаў
N-432: трактары, якія цяжка абагнаць з-за вялікай колькасьці сляпых паваротаў

З даволі змешанымі адчуваньнямі ад трасы мы даехалі да першай кропкі - замка Castillo de Alcalá la Real.

Замак Castillo de Alcalá la Real(іншая назва Fortaleza de la Mota)

Гэты замак, а калі больш дакладна ягоныя сьцены, відочныя нават з дарогі - ён грозна ўзвышаецца над ваколіцамі і выглядае вельмі вялічным:

Замак Castillo de Alcalá la Real
Замак Castillo de Alcalá la Real

Паглядзелі па мапах што там ёсьць нейкая паркоўка і інфацэнтр, затрымаліся каб даведацца больш, а тут нас сустракае кот:

Кот
Кот

Кот у Fortaleza de la Mota

У інфацэнтры, з дапамогай гугл-перакладчыка і вікіпедыі, мы даведаліся што замак быў пабудаваны ў XIII стагоддзі на стратэгічна карысным месцы на вышыні 1033 метраў над узроўнем мора.

У замка(як і ва ўсякго рэгіёна) даволі багатая гісторыя, калі ў дзьвух словах: ён уяўляў умацаваны старажытны горад і меў важнае ваеннае значэньне падчас шматлікіх войнаў таго часу паміж хрысьціянамі, мусульманамі ды арабамі-берберамі.

У канцы канцоў, пасля таго як Андалузія была цалкам хрысьціянізаваная замак страціў сваё значэньне і быў пакінуты: людзі перасяліліся на больш пладародныя землі ніжэй. Замак прышоў у заняпад, і толькі ў XIX стагоддзі падчас напалеонаўскіх войнаў ён быў часткова адноўлены пад вайсковыя патрэбы.

Тое, што засталося зараз унутры - пабудавана пазьней, рэканструкцыя ды архэалагічныя раскопкі.

Падумаўшы што трэба ісьці ўверх ды хадзіць пад сонцам у 30+ градусаў, мы вырашылі што нам хопіць панарамы горада і замка і адмовіліся ад наведваньня.

Від на горад Alcalá la Real у нізіне
Від на горад Alcalá la Real у нізіне

Мне стала цікава, а як выглядае замак з перспектывы горада. Таму мы паехалі на аглядальны пункт Mirador de San Marcos, які знаходзіцца насупраць замка:

Від на замак з аглядальнага пункту Mirador de San Marcos
Від на замак з аглядальнага пункту Mirador de San Marcos
Замак Castillo de Alcalá la Real
Замак Castillo de Alcalá la Real

Працісківаемся вузкімі стромымі вулачкамі на выезд з горада і вяртаемся на трасу.

Вузкія вулачкі Alcalá la Real
Вузкія вулачкі Alcalá la Real

Вось такія пейзажы быццам з іншай планеты суправаждалі нас па дарозе:

Касімчныя пейзажы N-432
Касімчныя пейзажы N-432

Ня ведаю дакладна што гэта за дрэвы, мне падалося што гэта апельсіны. Цікава што пад кожным дрэвам былі відны палівачныя трубы - думаю што з такім кліматам тут без паліву нічога карыстага расьці ня будзе.

Касімчныя пейзажы N-432
Касімчныя пейзажы N-432
Касімчныя пейзажы N-432
Касімчныя пейзажы N-432

Замак Alcalat Castle

Далей па дарозе ў вёсцы Espejo нам сустрэўся яшчэ адзін замак, які грозна ўзвышаўся над усім навокал:

Від на замак Alcalat Castle з дарогі N-432
Від на замак Alcalat Castle з дарогі N-432
Замак Alcalat Castle
Замак Alcalat Castle

Але таксама як і з папярэднім, мы абмежаваліся толькі відамі з дарогі - занадта сьпякотна, з матацыкла ўвогуле не хацелася злазіць. Едзем далей у Кордаву.

Цікава што далей ландшафт моцна зьмяніўся. Ужо не было дрэў, як і пагоркаў ды халмоў. Толькі бясконцыя палі колеру пустыні быццам едзем па нейкай Сахары ці Марсе:

Бясконцыя палі колеру пустыні ўздоўж дарогі N-432
Бясконцыя палі колеру пустыні ўздоўж дарогі N-432

Надвор'е стала псавацца, падняўся вецер і наляцелі пылавыя буры.

Касімчныя пейзажы N-432
Касімчныя пейзажы N-432

Кордава

Каля 14 гадзіны мы дабраліся да Кордавы, на шчасьце без дажджу. Плян быў такі - заехаць як мага бліжэй да старага горада, пакінуць матацыкл на нейкай паркоўцы з ахоўнікам, пераапрануцца ў звычайнае лёгкае адзеньне і пайсьці гуляць.

Так і зрабілі. Вяселы гішпанец, які аніводнага слова ня ведаў па-англійску, дазволіў нам запаркавацца ў падземным гаражы амаль у самым цэнтры проста насупраць яго будкі ўсяго за 3 еўра за гадзіну.

Супер, значыць будзе пад наглядам, таму мы так і заставілі ўсе курткі і рэчы на матацыкле, прымацаваўшы невялікім тросам з замком. На вулічнай паркоўцы я канешне ніколі так не зрабіў бы.

Рэчы засталіся на матацыкле, шпацыруем улегцы
Рэчы засталіся на матацыкле, шпацыруем улегцы

Хоць мотаадзеньне і мае вентыляціі і ўвогуле прадумана каб карыстацца ім ў розных варунках, але ж у шортах і футболцы ўсё ж больш зручна шпацыраваць пад гарачым гішпанскім сонцам :)

Patios de Cordoba Calle Judios

Адыдучы пару крокаў ад паркоўкі мы адразу ныраем у вузкія вулачкі старага горада з такімі вось мілымі ўнутранымі дворыкамі:

Patios de Cordoba Calle Judios
Patios de Cordoba Calle Judios
Сінія гаршкі
Сінія гаршкі
Не перастаю любавацца мазаікамі з камянёў на падлозе
Не перастаю любавацца мазаікамі з камянёў на падлозе
Фантан
Фантан
Мазаікі паўсюль
Мазаікі паўсюль

Кордаўская сінагога

Пачынаем знаёмства з гістарычнай спадчынай Кордавы з старажытняй сінагогі, яна зусім невялічкая і вы не паверыце, але гэта адзінае гістарычнае месца ў горадзе дзе ня трэба плаціць за ўваход:

Старажытная сінагога ў Кордаве
Старажытная сінагога ў Кордаве

Сінагога была пабудаваная ў 1315 годзе, але функцыянавала па прызначэнні толькі да 1492 года. У 1492 годзе гішпанскі кароль выдаў наказ вядомы як Альгамбрскі эдыкт аб выгнаньні ўсіх яўрэў якія адмовяцца прыняць хрысьціянства.

Далей будынак сінагогі выкарыстоўваўся ў якасьці гаспадарчага будынку: у некаторыя часы нават быў школай для дзяцей, каталіцкай капліцай і нават шпіталем для хворых на шаленства.

Менора - адзін з самых старажытных сімвалаў іўдаізму і яўрэйскіх рэлігійных атрыбутаў
Менора - адзін з самых старажытных сімвалаў іўдаізму і яўрэйскіх рэлігійных атрыбутаў

У якасьці сінагогі і гісторыка-архітэктурнай каштоўнасьці была адкрыта толькі ў 1985 годзе, пасля некалькіх рэстаўрацый.

Мяне асабіста ўразіла тое, што за амаль 500 гадоў выкарыстаньня ў іншай якасьці, гэты будынак захаваў арыгінальныя мазаікі і надпісы, неверагодна.

Замак хрысьціянскіх каралёў ці Alcázar de los Reyes Cristianos

Пасля сінагогі мы пайшлі ў кірунку адной з галоўных Кордаўскіх славутасьцяў - каралеўскага замка Alcázar de los Reyes Cristianos, які знаходзіцца ў самым цэнтры старай часткі горада.

Замак хрысьціянскіх каралёў ці Alcázar de los Reyes Cristianos
Замак хрысьціянскіх каралёў ці Alcázar de los Reyes Cristianos

Па некаторых звестках што я знайшоў у сеціве, першыя згадкі пра крэпасьць на месцы сучаснай Кордавы датуюцца некалькімі стагоддзямі перад нашай эрай, калі старажытныя рымляне прыйшлі на Ібэрыйскі паўвостраў. Не прэтэндую на гістарычную дакладнасьць і аб'ектыўнасьць - пакінем гэта гісторыкам.

Потым гэтыя землі былі захоплены вестготамі. Нагадаю коратка школьны курс гісторыі: гэта такое старажытнае заходнягерманскае племя, якое качавала і рабавала па ўсей Еўропе даходзячы аж да Грэцыі і Рыму.

У перыяд росквіту вестготы трымалі ў сваіх руках большую частку Ібэрыйскага паўвострава, але потым у выніку шматлікіх войн іх каралеўства аказалася поўнасьцю захоплена арабамі.

Пасля захопу, замак быў перабудаваны і пашыраны. Былі дабудаваныя сады, лазьні, бібліятэка.

У 1236 годзе хрысьціянскія войскі захапілі горад, замак зноў перабудавалі і аднавілі дадаковымі абароннымі ўзбраеньнямі - у Еўропе ўжо з'явіўся і выкарыстоўваўся порах. Замак быў сымбалем магутнасьці і вялічы хрысьціянства.

З цікавых вядомых асобаў, якія пабывалі ў гэтым замку можна вылучыць Хрыстафора Калумба, якога прыймаў кароль ў гэтым замку перад стартам ягонай першай экспедыцыі ў Новы Свет. Нажаль гэты замак потым на тры стагоддзі зрабіўся штабам гішпанскай інквізіцыі, а лазньні былі ператвораныя ў месцы катаваньняў і допытаў.

У XIX стагоддзі замак быў базай напалеонаўскіх войскаў, пагаворваюць што Напалеон таксама мог шпацыраваць па садах Альказара :) Пасля замак быў турмой ажно да сярэдзіны ХХ стагоддзя, калі ён быў ужо канчаткова ператвораны ў музей.

Вось такі вот гістарычны бутэрброд, ідзем унутр:

Уваход для турыстаў
Уваход для турыстаў
Фрагменты руінаў старажытнай рымскай часткі замку
Фрагменты руінаў старажытнай рымскай часткі замку

Унутры замка захаваліся арыгінальныя фрэскі і фрагменты муру:

Унутры замка захаваліся арыгінальныя фрэскі і фрагменты муру
Унутры замка захаваліся арыгінальныя фрэскі і фрагменты муру
Мазаіка знойдзеная ў 1958 годзе, датуецца III-IV стагоддзем нашай эры
Мазаіка знойдзеная ў 1958 годзе, датуецца III-IV стагоддзем нашай эры
IMG 3675 IMG 3676

Замак меў чатыры вежы: Ільвіная, Данжон(галоўная абарончая вежа, у мірны час таксама служыла жытлом), Галубіная(была разабраная ў ХIХ стагоддзі) і вежа Інквізіцыі.

Унутры адной з вежаў - ільвінай
Унутры адной з вежаў - ільвінай

Можна падняцца наверх, з яе адкрываецца цудоўны від на горад і сады:

Цудоўны від на горад, удалечы віднеецца калакольня Мескіты
Цудоўны від на горад, удалечы віднеецца калакольня Мескіты
Від на сады
Від на сады
Від на замак
Від на замак
Данжон - галоўная абарончая вежа
Данжон - галоўная абарончая вежа
Унутраны дворык
Унутраны дворык

Сады Альказара

Пасля замка мы спусьціліся ў цудоўныя сады Альказара, якія знаходзяцца побач з замкам.

Традыцыя стварэньня садоў прыйшла ў Гішпанію разам з арабамі - у сьпякотнам і сухом клімаце такія сады былі яскравым сымбалем багацьця і ўлады.

Сады Альказара
Сады Альказара
IMG 3705

Маштабы ўражваюць, вельмі маляўнічае месца:

IMG 3707 IMG 3718 IMG 3723
Пруды поўныя рыбы
Пруды поўныя рыбы
Апельсіны ды гранаты растуць проста на дрэвах
Апельсіны ды гранаты растуць проста на дрэвах
Дрэва поўнае гранатаў
Дрэва поўнае гранатаў

Нават зараз гэты сад выглядае раскошна, быццам зялёны рай пасярод камняў і сухой травы навкокал, які даруе прахладу і свежасьць: пруды поўныя рыбы, апельсіны ды гранаты растуць проста на дрэвах. А цяпер ўявіце сабе як на яго глядзелі вочы сярэднявечнага чалавака - рай, не інакш. Не дзіва што лічыліся што каралі пасланыя богам...

Можна было б так і цэлы дзень прасядзець на лаўцы любуючыся прыгажосьцю і спакоем гэтага месца, але час ісьці далей.

Рымскі мост ці Puente romano de Córdoba

Яшчэ адной буйнай славутасьцю Кордавы з'яўляецца рымскі мост, які знаходзіцца на рацэ Гвадалквівір. Мост быў пабудаваны як вы ўжо здагадаліся рымлянамі, прыкладна ў 1 стагоддзі нашай эры(!) і выкарыстоўваўся па прамым прызначэнні аж да 2004 года - бо гэта быў адзіны мост праз рэку ў горадзе. З 2004 года ён выкарыстоўваецца толькі для пешаходаў.

Рымскі мост
Рымскі мост
Паглядзіце як за стагоддзі абмялела русла ракі - тут ужо цэлы лес вырас
Паглядзіце як за стагоддзі абмялела русла ракі - тут ужо цэлы лес вырас

Вадзяны млын Molino de la Albolafia

Побач з мастом знаходзіцца вадзяны млын Molino de la Albolafia. Ёсьць спрэчныя версіі гісторыі ягонай будовы: па адных звестках яго пабудавалі рымляне, бо яны часта выкарыстоўвалі ваду і дакладна ўмелі рабіць вадзяныя млыны, па іншых - млын быў пабудаваны ў часы мусульманскага панаваньня. Выбірайце самі якая версія вам падабаецца больш :)

Вадзяны млын Molino de la Albolafia
Вадзяны млын Molino de la Albolafia
Кіраўнік млына :D
Кіраўнік млына :D

Сонца зноў пякло як ненармальнае(і гэта ў канцы кастрычніка), таму прыйшлось зрабіць перапынак на сангрыю:

Лепшы лек на сьпеку - белая сангрыя
Лепшы лек на сьпеку - белая сангрыя

Мескіта або Кордаўская саборная мячэць (Mezquita-Catedral de Córdoba)

Апошні пункт нашага маршрута гэта канешне Мескіта - былая мячэць, а зараз рымска-каталіцкі сабор-музей Кордавы, але пра ўсё па парадку.

Рухаемся вузкімі вулачкамі ўпрыгожаннай сінімі гаршкамі ў кірунку Мескіты
Рухаемся вузкімі вулачкамі ўпрыгожаннай сінімі гаршкамі ў кірунку Мескіты
Брама
Брама
Уваход ва ўнутраную тэрыторыю
Уваход ва ўнутраную тэрыторыю

Гісторыя Мескіты пачынаецца з VII стагоддзя, калі на гэтым месцы вестготы пабудавалі храм. Пасля захопу горада арабамі, храм быў перабудаваны ў мячэць, якая была неаднаразова разбураная ў выніку войнаў, адбудаваная на-нова і перабудаваная.

Унутраны двор
Унутраны двор
Унутраны двор
Унутраны двор

У часы арабскага панаваньня Кордавай, гэта мячэць была адной з самых вялікіх і прыгожых на Іберыйскім паўвостраве. Потым як вы ўжо ведаеце прыйшла Рэканкіста і мячэць была перабудаваная ў хрысьціянскі сабор.

Багацьце ўбраньня, дэталізацыя і вялічэзнасьць Мескіты ўражвае. Я проста пакіну фатаздымкі

IMG 3749 IMG 3754 IMG 3757 IMG 3758

Вельмі кідаецца ў вочы, што ў адрозьненьні ад традыцыйных хрысьціянскіх храмаў тут няма вялікіх вітражоў і незвычайная планіроўка: у мячэцях іншыя правілы, тут няма цэнтральнага алтара, але ёсьць многа маленькіх малітвенных залаў.

Паглядзіце на дэталізацыю столяў. Мне цяжка ўявіць маштабы працы(ручной!) і коштаў...

IMG 3366 IMG 3382
Фірменныя бела-чырвоныя аркі можна сустрэць на ўсіх паштоўках ды магнітах з Кордавы
Фірменныя бела-чырвоныя аркі можна сустрэць на ўсіх паштоўках ды магнітах з Кордавы

А гэта частка ўжо больш нагадвае хрысьціянскі сабор, хаця і арабскія матывы, здаецца, усё яшчэ праглядваюцца:

IMG 3765 IMG 3769 IMG 3770

Ну і канешне рэлігія не стаіць на месцы і ідзе ў нагоду з найноўшымі тэхналогіямі - вы можаце заахвяраваць грошы карткай:

Ахвярамат прыймае ад 5 да 15 еўра, вашыя дробныя пакіньце сабе
Ахвярамат прыймае ад 5 да 15 еўра, вашыя дробныя пакіньце сабе

На гэтым нашае знаёмства з Кордавай падыходзіць да канца. Мы вельмі добра правялі тут час, наведалі асноўныя цікавосткі, хоць і ў экспрэс-тэмпе. Канешне, лепш тут затрымацца на дзень-два, каб глыбей прасякнуцца неверагодным пластам гістарычнай спадчыны і перапляценьнем культур.

Адназначная рэкамендацыя к наведваньню.

Ну а для нас час вяртацца да матацыкла і рушаць далей - нас чакае начлег у адным незвычайным месцы.

Пліткі на сьцяне нагадваюць што вы ўсё яшчэ знаходзіцеся ў Андалузіі
Пліткі на сьцяне нагадваюць што вы ўсё яшчэ знаходзіцеся ў Андалузіі

Дзякуй што дачыталі да канца.

Мапа з цікавосткамі Кордавы
Спасылка на наступную частку ў каторай мы затрымаемся ў адным незвычайным месцы - манастыры, пабудаваным у XV стагоддзі, які зараз сумяшчае функцыі гатэля.
© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2025