Матацыклам па Андалуз іі, ч.7: Начлег у манастыры
жнівень 5, 2024Увага, гэта не рэклямны пост, прынамсі мне нічога за гэта не плацілі :)
Спасылка на папярэднюю частку пра старажытны горад Кордава, які быў заснаваны яшчэ рымлянамі.
Падчас пошукаў месца для начлегу, мы натрапілі на вельмі цікавы варыянт - нейкі манастыр Святога Францыска, які здае пакоі па даступнай цане, з паркоўкай і з добрымі водгукамі. Ён знаходзіўся акурат на нашым шляху з Кордавы ў Севілью, у маленькам горадзе Пальма-дэль-Рыа, плюс мы ніколі не начавалі ў такога тыпу месцах - гэта быў знак што трэба наведаць!
Прыехалі на месца ўжо зацемна. Манастыр выглядаў як крэпасць і было не зусім зразумела дзе знайсьці паркоўку. Сеньёра на рэцэпцыі канешне не размаўляла на ангельскай, і ўвогуле была ня вельмі ветлівая(як тыповая манашка!).
Нарэшце мы атрымалі ключы і запаркавалі матацыкл на тэрыторыі проста пад пальмай.
Пакой быў адначасова сьціплы як келья, але меў усё неабходнае - асобны душ, кандыцыянер. Адзінае вакно ў пакоі выходзіла на калідор унутраннага дворыка.
Кожны, хто тэарэтычна захоча прагуляцца і паглядзець што робіцца ў пакоях, можа зрабіць гэта без праблемаў - аканіцы ж праглядаюцца. Я ўсё чакаў калі нейкая манашка будзе рабіць абыход, але не дачакаўся - заснуў.
Ноччу я прачнуўся ад крокаў на калідоры. Адразу ўспомніўся Караткевіч з ягоным дзікім паляваньнем, але потым крокі заціхлі і я зноў праваліўся ў сон.
Раніцай, прачнуўшыся мы пайшлі гуляць па гатэлю-манастыру.
Вось так выглядае ўнутраны дворык і калідор дзе ноччу былі таямнічыя крокі:
Па дарозе на сняданак, мы прайшлі ў яшчэ адзін унутраны дворык с студняй:
Сняданак быў вельмі звычайны - яечня, сасіскі, сыр ды хамон. Было б прыкольна канешне паснедаць нешта традыцыйнае ці нават сярэднявечнае, хаця б посуд нейкі вінтажны, а не звычайны сучасны... Гэта канешне мінус.
Потым мы пайшлі гуляць па манастыру далей. Ня ведаю ці дазволена там хадзіць, але выявілася што мы жывем у частцы для прасталюдзінаў, бо ёсьць відавочна багацейшая частка манастыра - гэта адчуваецца нават па ўпрыгожваньню калідораў і дзьвярэй пакояў.
Не заўважылі як выйшлі ў сад, які знаходзіўся пры манастыры:
Тэрыторыя канешне вялічэзная. Час адшукаць матацыкл, праверыць як ён там пасля ночы.
Уначы мы нават і не заўважылі як прыгожа на тэрыторыі дзе ён быў запаркаваны - гэта нейкі дворык з летнім барам пад адкрытым небам:
На гэтым экскурсія падыйшла да свайго канца - здаецца мы ўжо паўсюль усунулі свой нос, да таго ж набліжалася гадзіна высяленьня. Час зьбіраць рэчы і пакаваць куфры. Наступны кірунак Севілья.
Гэтае месца адназначна зрабіла на нас уражаньне: яно больш нагадвае нейкі музей, дзе табе дазволілі пераначаваць(і ўсюды пахадзіць). Вельмі атмасферна і кліматычна, моцна раю.
Дзякуй што дачыталі да канца!
P.S. Ужо пазьней, калі я правяраў нашыя фінансы, пабачыў што сеньёра з кепскім настроем не палічыла нам 10 еўра за паркоўку, ня ведаў наўмысна ці не, але дзякуй ёй за гэта!
P.P.S. Калі вы ведаеце такія цікавыя незвычайныя месцы для начлегу(у кожнай краіне) - падзяліцеся каардынатамі ў каментарах калі ласка, буду вельмі ўдзячны!
Спасылка на наступную частку ў каторай мы наведваем сталіцу рэгіёна Севілью і неспадзявана мяняем плян падарожжа.