Матацыклам па Андалузіі, ч.8: Севілья
верасень 17, 2024Вітаю ў восьмай частцы майго падарожжа па Андалузіі!
Шчыра кажучы я ня думаў што спатрэбіцца столькі часу каб апісаць сваё два з паловай тыднёвае падарожжа. Хутка міне год, а мы з вамі дзесьці толькі ў палове. Нажаль, чым далей - тым ўсё менш у мяне вольнага часу, але ўсё будзе, верце мне :)Спасылка на папярэднюю частку пра незвычайны начлег у манастыры з XV стагоддзя, які зараз сумяшчае функцыі гатэля.
Прыгода з апартаментамі
Як я ўжо пісаў раней - гэта мой першы досьвед такога доўгага мотападарожжа. Звычайна ў больш кароткіх падарожжах я маю загадзя зарэзерваваныя гатэлі, але ж у гэты раз было занадта рызыкоўна так рабіць. Таму гатэлі і апартаменты ў кожным горадзе нашага маршруту былі дабаўлены ў закладкі, каб калі ўжо будзе ясна што і як не шукаць з нуля.
Але ж з Севільяй нас чакала расчараваньне ад самага пачатку: дзень перад прыездам усе гатэлі і апартаменты з закладак былі занятыя. Тое што засталося на букінге - жах, як па коштах, так і па варунках. Таму ў хвіліне адчаю я адкрыў airbnb(я не люблю гэты сервіс) і пачаў шукаць там.
Атрымалася знайсьці неблагія(па фота) апартаменты, недалёка ад цэнтру, з уласнай падземнай паркоўкай(нам гэта было вельмі істотна). Было каля 30 водгукаў і ўсе выдатныя, напісаны быццам рэальнымі людзьмі, таму мы канешне доўга не думалі.
Грошы заплачаныя(праз дадатак), гаспадар адказаў што прыязджайце госьці дарагія, вось адрас, пазьней дашле падрабязныя інструкцыі што і як.
Раніца наступнага дня, мы вырушылі з нашага цудоўнага манастыра ў кірунку Севільі.
Ехаць было трохі больш за гадзіну, мы выбралі паўночны кавалак дарогі спадзяваючыся пабачыць нейкія горы па дарозе, але дарога выглядала ўвесь час як гарачая безжыццёвая пустэча:
Нарэшце мы даехалі да Севільі, трошкі раней чым спадзяваліся - каля 13 гадзіны. Ніякіх інструкцый гаспадар апартаментаў так і не даслаў. Але мы падумалі што можа ён дашле ў гадзіну акурат а гадзіне засяленьня, таму окей, чакаем.
А 14 гадзіне я пачаў пісаць яму паведамленьні, на якія ніхто не адказваў. Мы вельмі напружыліся, і праз 40 хвілін, калі я ўжо шукаў як скантактавацца з службай падтрымкі, а жонка шукала нейкія альтэрнатывы, нарэшце дайшло паведамленьне з інструкцыяй і кодам да засяленьня.
Інструкцыя была напісана вельмі кепска, асобна хачу адзначыць што пра паркоўку не было аніводнага слова. Як вы здагадваецеся, атмасфера была нярвовая, а настрой сапсаваны.
Кватэра знаходзілася ва ўтульным ўнутраным дворыку - было вельмі ціха як для цэнтра горада. Гэта вялікі плюс. Будынак стары, але мадэрнізаваны - быў усталяваны сучасны ліфт. Кінулася толькі ў вочы што паўсюль замантаваныя краты на вокнах - відавочна ня проста так.
У кватэры я знайшоў ключ з пультам, які відавочна быў ад гаража і пайшоў шукаць эксперыментальным шляхам якая брама адчыніцца. Так і атрымалася, але ўнутры зрабілася незразумела якое месца належыць гэтай кватэры. Гаспадар маўчыць, навокал паўсюль таблічкі што калі запаркуецеся на чужым месцы - вам будуць усе магчымыя і немагчымыя кары.
Раптам я знайшоў нейкую логіку ў нумарах на парковачных месцах - іх было столькі колькі кватэр, і месца з нумарам нашай кватэры было пустое. Там і запаркаваўся.
Настала чарга разглядаць што ж за кватэру мы арэндавалі: яна была быццам як на фатаграфіях, толькі фота былі зроблены гадоў 7-10 таму: усё было ў вельмі стомленым стане, зношанае, бруднае, мэбля з плямамі, бялізна дзіравая, ліпкая падлога якая пэўна што ня бачыла швабры шмат часу. Жах, без жартаў. Фота выкладваць ня буду, але гэта былі адныя з нагоршых апартаментаў за ўвесь мой досьвед падарожжаў у параўнаньні цана/якасьць.
Я зноў адкрываю водгукі на airbnb, а там усе давольныя, водгукі сьвежыя і іх шмат. Дзіўна.
Але на гэтым прыгоды ня сконьчыліся. Калі пры працуючым кандыцыянеры мы паспрабавалі ўключыць пральку - ва ўсёй кватэры зьнікла электрычнасць. Выбіла пробкі. Пішу гаспадару, на што ён адказвае што там у шафе ёсьць электрычны шчыток, проста ўключы аўтаматы і ўсё.
Але так проста праблема канешне не вырашылася. Я вельмі шкадую што не зрабіў фоткі гэтай шафы, дзе ўся праводка была агалёная і на скрутках. Пры ўключэньні аўтамата шчыток пачынаў іскрыць і аўтамат выбіваў нанова. Пішу зноў, на што атрымліваю адказ гаспадара што "давайце там неяк самі, я еду на пахаваньне свайго бацькі і мне зараз не да вас". Ня ведаю ці насамрэч мела месца нейкая сямейнае няшчасьце, але выглядала ўсё максімальна безадказна.
Зразумеўшы што спадзявацца можна толькі на ўласныя сілы, эксперыментальным шляхам я знайшоў што праводка ў кватэры не вытрымлівае трох буйных спажыўцоў адначасова: бойлер, кандыцыянер і пральку. Але дзьвух - вытрымлівае, таму пакуль нехта мыўся і працавала пралька - кандыцыянер быў выключаны і наадварот калі пралька не працавала, то можна было мыцца і ахалоджвацца пад кандыцыянерам.
Знаёмства з горадам
Каб трошкі падняць настрой, мы вырашылі пайсьці пазнаёміцца з горадам. Адчуваецца, што Севілья - самы буйны горад у гэтым рэгіёне(і чацьвёрты ва ўсей Гішпаніі). Архітэктурна тут той жа самы стыль як і іншых гарадах Андалузіі, але ўсё больш маштабнае і велічнае - як неяк сталіца.
З таго што я хутка пачытаў у інтэрнэце, гісторыя тут падобная да іншых гарадоў Андалузіі: быў заснаваны старажытнымі рымлянамі, потым спрадвечная барацьба арабаў-мусульманаў з хрысціянамі-гішпанцамі. І кожны хто заваёўваў горад перабудоўваў яго пад свае патрэбы, таму ў горадзе шмат арабскай спадчыны дойлідства.
Пасля таго як была адкрыта Амерыка, Севілья зрабілася галоўным гандлёвым портам тых часоў - гэта насамрэч добра тлумачыць паходжаньне ягонага багацтва.
Перш за ўсё мы наведалі грыбы Севільі ці Setas de Sevilla - канструкцыю з дрэва і бетона на пляцы Plaza de la Encarnación, якая ўяўляе сабой зацененую грамадскую прастору на вольным паветры.
Даволі арыгінальны аб'ект, які для мяне яна з'яўляецца сучаснай нейкай візітнай картачкай горада. З такім сьпякотным надвор'ем гэта канструкцыя мае вельмі карыстны сэнс.
Дакладнага пляна ў нас не было, шпацыруем і насалоджваемся атмасферай.
Таксама як у Гранадзе, паўсюль шмат веераў:
Кіруемся ў бок катэдральнага сабора Catedral de Sevilla. Ён проста аграменны. Адчуваецца размах.
У сабор канешне трэба купляць квіткі загадзя, ды й было ўжо занадта позна, таму мы абмежаваліся проста павярхоўнымі агледзінамі:
Далей знаходзілся ўваход у каралеўскі палац Real Alcázar de Sevilla.
Найбольш цікавай часткай гэтага палацу быў маляўнічы сад, які быў пабудаваны яшчэ арабамі ў X стагоддзі. Вельмі нагадвае Кордаву. Але ўнутр мы таксама не пайшлі - было позна, наведаем заўтра.
Да таго ж яшчэ, калі шчыра, то дзесьці ў гэты час да нас дайшло усьведамленьне, што ўся гэтая прыгажосьць ужо зьмяшалася ў галаве: Гранада, Кордава, Севілья вось. Таму вырашылі што ў сам палац ісьці проста нямае сэнсу, мы не адчуем прыгажосьць гэтага месца на сто адсоткаў, таму разумней будзе пакінуць наведваньне гэтага прыгожага комплекса на нейкі наступны раз у будучыні.
Ідзем далей наўздагад.
Шпацыруем у бок набярэжнай вуліцы паглядзець на вежу Torre del Oro
Так сконьчылася нашае павярхоўнае знаёмства з гістарычным цэнтрам Севільі. Час адпачываць.
Дзень другі
Дзень другі пачаўся з моцнага дажджу. Дождж ліў як з вядра, усё неба было зацягнута хмарамі. Вецер хістаў дрэвы з такой моцай, што я ня ведаю як яны не ламаліся.
Што ж, добрае надвор'е заўсёды сканьчваецца раней ці пазьней.
У нашай "чароўнай" кватэры на кухне ўвесь посуд быў стары, ліпкі і ўвогуле не выклікаў прыхільнасьць да карыстаньня. Таму было вырашана пайсьці ў кавярню непадалёк на сняданак: трэба ж неяк карыстацца адзінай перавагай гэтай кватэры - знаходжаньнем ў гістарычным цэнтры :)
Пасьнедаўшы мы вярнулісь у кватэру, бо неспадзявана адгукнуўся гаспадар кватэры. Аказалася што аднак мы запаркаваліся на чужым месцы - мая здагадка наконт нумерацыі парковачных месцаў не спрацавала, яны не супадаюць з нумарамі кватэраў :(
На шчасьце ніхто матацыкл нам не пашкодзіў, я проста пераставіў яго на вызначанае месца непадалёк. Чаму гаспадар адразу не напісаў пра месца ў інструкцыі я вырашыў ужо не пытаць.
Далей пачаўся мазгавы штурм - што рабіць. У нас было шмат цікавых месцаў для наведваньня, але дождж быў даволі інтэнсіўны. Больш таго, пад вялікім знакам запытаньня апынуліся пляны далей.
Але добра, вырашылі што няма чаго сядзець у гэтай "цудоўнай" квартэры на прапуканых і закатаваных жыцьцём канапах, апранулі дажджавікі і пайшлі ў каралеўскі сад, у які мы не трапілі ўчора.
І тут нас чакала расчараваньне - мы пабачылі закрытыя брамы і таблічку што ў сувязі з кепскім надвор'ем сад зачынены:
Цікава што аўтобусы з турыстамі таксама прыязджалі, глядзелі на зачыненую браму і стаялі ў роспачы што рабіць далей.
Добра, непадалёк ёсьць яшчэ адна цікавостка... Гэта маляўнічы пляц Plaza de España. Яго наўрад ці зачыняць!
Прыйшлі мы ў гэтую прыгажосьць - а там амаль нікога, файна! Можна спакойна разглядзець усё.
Нажаль ня ведаю дакладную ягоную гісторыю, але выглядае ўсё вельмі багата і прыгожа. Ужо пазьней пачытаў што гэты комплекс быў пабудаваны зусім нядаўна - у 1928 годзе на замаўленьне гішпанскага караля Альфонса XIII у неамаврытанскам стылі.
А яшчэ тут здымалі 2 эпізод Зорных войнаў ды фільм "Дыктатар" аднаго вельмі вядомага коміка :)
Уздоўж усяго будынку ідуць нейкія мазаікі, прысвечаныя нейкім падзеям з гішпанскай гісторыі ці мясцовасьцям.
Тут таксама знаходзяцца розныя адміністратыўныя ведамствы, такія як напрыклад: гарадскі аддзел для іншаземцаў, ваенна-гістарычны музей, паліцыя, тэатр ці аддзел адукацыі. Мне, звыкнутаму да таго што гарадскія ведамствы могуць размяшчацца толькі ў нейкіх вычварных манструёзных будынках у стылі нэа-саўка, было вельмі дзіўна бачыць такое.
Нажаль калі мы дабраліся да другога паверха зноў пайшоў дождж і даволі моцны. Да таго ж, аўтобусы з турыстамі якіх мы пабачылі каля сада таксама прывезлі еўрапенсіянераў у гэты комплекс і тут зрабілася даволі шчыльна - знак што трэба ўцякаць.
Асабліва мне запамятаўся адзін хлопец які іграў на скрыпцы ў калідоры папулярные кампазіцыі, файна так іграў. Турысты з аўтобусаў, якія хаваліся ад дажду ў гэтым калідоры кідалі яму грошы. А потым я трошкі прыглядзеўся - дык ён жа іграе пад фанеру! Без жартаў, фанера, я хоць і не ўмею граць на скрыпцы, але ўмею граць на гітары і разумею прынцып! Чарговая турыстычная пастка...
Пад шчыльным дажджом мы вярнуліся ў нашу кватэру.
Фламенка
Па дарозе мы бачылі шмат рэклямы тэатраў і Наталля зацікавілася, што можа быць даступна ад зараз. Вы не паверыце, но ў мясцовым тэатры непадалёк яшчэ былі квіткі на фламенка! Гэта быў знак - пабачыць фламенка на яго радзіме, мы купілі квіткі нават не раздумвачы.
Гэта было вельмі незвычайна. Такое спалучэньне мясцовых сьпеваў з танцамі. Распавядаць нешта болей ня мае сэнсу, гэта трэба пабачыць і пачуць самому.
Зьмена плянаў
Дзень праляцеў незаметна. Вярнуўшыся ў кватэру, мы пачалі сур'езна думаць што рабіць далей. Дождж рабіўся толькі мацней. Я плянаваў што заўтра мы рушым у бок Партугаліі на пару дзён - паглядзець на маякі ў Faro ды на акіян і скалы ў Sagres. Але ж мапа надвор'я выглядала вельмі песімістычна, паглядзіце самі:
З цяжкімі думкамі сканьчваецца гэты дзень.
Пасля доўгіх сумневаў было прынята(як пазьней даведаемся вельмі слушна) адзінае магчымае ў гэтых абставінах рашэньне: не ехаць у самае пекла шторму ў бок Партугаліі, а наадваорт хавацца ў глыбіні кантынэнту ў супрацьлеглым кірунку - мы едзем у мясцовыя прыродныя паркі і горы, а дакладна ў мястэчка з назвай Ронда.
Дзень выезду
Раніца. Сняданак у мясцовай пякарні.
Дождж скончыўся ноччу. Надвор'е было добрае, хоць і адчувалася, што гэта напэўна не канец гледзячы на шэрыя аблокі. Я ўсё яшчэ вагаўся ці добра мы робім што змяняем плян падарожжа, але што ж, замест акіяна мы пабачым шмат гор, ды й надвор'е там павінна быць добрае. Ну партугальскую частку падарожжа прыйдзецца абавязкова зрабіць у будучыні!
З гэтымі думкамі мы выязджаем з Севільі...
Увага, бонус для тых, хто чытае да канца :)
Мапа турыстычных цікавостак Севільі:
Спасылка на наступную частку ў каторай мы наведваем маляўнічае мястэчка Ронда, вядомае сваім відовішчным каньёнам, які дзеліць яго напапалам.