Матацыклам па Андалузіі, ч.9: Ронда
снежань 29, 2024Вітаю ў дзявятай частцы майго падарожжа па Андалузіі!
Спасылка на папярэднюю частку пра сталіцу рэгіёна Севілью і неспадзяваную зьмену плянаў падарожжа
Калі памятаеце, у папярэдняй частцы з-за моцна сапсаванага надвор'я было вырашана адмовіцца ад наведваньня Партугаліі. Мы скарысталіся плянам Б: вырушылі ў кірунку маляўнічага мястэчка Ронда, якое знаходзіцца ў гарах паміж двух нацыянальных паркаў, каб затрымацца там на некалькі дзён і наведаць абодва.
Дарога Севілья - Ронда
Сапраўдная прыгажосьць пачынаецца на дарогах А-384 і А-374, калі пачынаюцца горы.

Нажаль, месцаў, дзе можна было б затрымацца, амаль не было. І справа ня толькі ў фотках - хацелася трошкі падапрануцца, бо ў гарах было значна халадней чым у раўнінах вакол Севільі.


Ронда
Мы адразу накіраваліся ў цэнтр горада, але пабаяліся кідаць матацыкл разам з рэчамі проста на вуліцы. На шчасьце знайшоўся нейкі гарадскі паркінг на плошчы Duquesa de Parcent, дзе за пару еўра мы запаркаваліся пад надзейнай аховай шлагбаума.


Горад вельмі невялічкі і прыгожы: усё знаходзіцца ў пешай даступнасьці, таму раю прагуляцца па гэтых утульных вулачках пешшу.




Піва і абед
Час на абед у адным з аўтэнтычных рэстаранаў. Традыцыйна ніхто не размаўляе на ангельскай, але прынамсі ёсьць перакладзенае меню - гэта ўжо вялізны плюс.
Вырашылі спрабаваць клясык андалузскай кухні - суп Гаспачо, які, як наш боршч, у кожнага кухара смакуе інакш. Гэтым разам было вельмі па-свойску, але нам спадабалася.
Але адным супам сыты ня будзеш, таму ўзялі яшчэ нейкае мясцовае блюда пад назвай MIGAS RONDEÑAS. Гэта аказаліся такія абсмажаныя часныковыя сухарыкі з каўбасой Chorizo і беконам, перцам ды яечняй. Было таксама вельмі смачна.

У горадзе ёсьць мясцовы бровар Rondeña які варыць некалькі гатункаў піва. Не ўтрымаўся каб не купіць некалькі бутэлек і, канешне, пакаштаваць: мае неблагі смак, як для гішпанскага, але найсмачнейшым я б яго не назваў. Цёмнае піва здалося занадта газіраваным, а сьветлае, наадварот, амаль без газа - вельмі дзіўна.

Від на каньён
Вось мы і падышлі да галоўнай славутасьці горада - каньёна які дзеліць яго напапалам. Вы толькі паглядзіце на гэтыя віды навокал - здаецца, мае каментары тут лішнія.






Фантастыка, праўда? Мне здаецца я магу бясконца так стаяць і глядзець уніз.

Як мясцовыя жыхары не баяліся будаваць дамы проста над прорвай? А як пабудавалі гэты мост? Як увогуле яны тут жылі стагоддзі таму, калі не было рухавікоў і машын? Зараз усё зроблена пад турыстаў, але турысты тут з'явіліся зусім нядаўна. Цікава было б трапіць на нейкую экскурсію, але нажаль у нас зусім не было часу на гэта.



Кот палюе на галубоў у каньёне
Рэшта горада ўяўляе сабой вузкія вулачкі, утульныя плошчы, кафэ ды крамы з сувенірамі для турыстаў - іх паток тут сур'ёзны нават па-за турыстычным сезонам. Што ж, мы пабачылі тое, дзеля чаго мы прыехалі - і гэта было вартае таго.
Час ехаць адпачываць у гатэль, які ў добрай цане атрымалася знайсьці толькі ў 20 хвілінах ад Ронды.

Адзінае, што мяне непакоіла - гэта жаданьне пабачыць гэты каньён і мост з іншай перспектывы - знізу. З гэтай думкай мы выехалі з Ронды...
Выезд з Ронды

Спасылка на наступную частку ў каторай мы наведваем унікальнае мястэчка Сетэніль-дэ-лас-Бодэгас, пабудаванае ў скале.