← назад

АЗС прыязныя матацыклістам

травень 7, 2023

Вітаю, шаноўнае спадарства!

Сёньня будзе вельмі кароткая нататка. Хацеў бы адзначыць маленькую дробязь, якую спатыкаю час ад часу на некаторых АЗС у Польшчы. Дробязь, якая на маю думку нічога не каштуе ўладальніку АЗС, але вельмі карысная для матацыклістаў. Мова пойдзе аб няхітрым трымальніку моташлема ў туалетах. Вось так ён выглядае:

трымальнік матацыклетнага шлема
трымальнік матацыклетнага шлема

Прызначэнне, як можна здагадацца, вельмі простае - на яго можна павесіць свой шлем калі вам патрэбныя абедзве рукі :)

Уладальнікаў адкрытых, ці як яшчэ іх клічуць 3/4, ды мадулярных шлемаў канешне гэта ня вельмі датычыцца - іх можна і не здымаць з галавы. Але я з меркаваньняў бясьпекі перайшоў вось на інтэгральны.

Вы скажаце - але навошта ён патрэбен калі можна проста пакінуць шлем на стырне матацыкла? Па маіх назіраньнях большасьць так і робіць. Але калі на вашым шлеме ёсьць дарагі інтэрком, ці камера? Ці ваш шлем каштуе шмат грошаў? Нажаль, імавернасць спантаннай крадзежы зусім не нулявая. Вось вам прыклад, пра які пісалі ўсе польскія мотачасопісы: злодзей, які запраўляў сваё аўта побач, проста ўзяў закінуў шлем у багажнік і з'ехаў. Яго нават не засмуціў той факт што паўсюль камеры назіраньня і ён засьвяціў свае нумары.

Невядома праўда чым сконьчылася гісторыя, але нават такая проста справа можа заняць месяцы разгляданьня ў паліцыі, пра падобную гісторыю я ўжо пісаў раней. А вы хутчэй за ўсё будзеце без свайго шлема ўвесь гэты час. А сезон сезон не гумавы... Ці напрыклад вы знаходзіцеся ў падарожжы і раптам застаецеся без шлему пасярод дарогі - гучыць ня вельмі радасна.

Таму я вельмі цешуся калі бачу такія прылады на АЗС. Для мяне гэта паказчык што тут думаюць пра матацыклістаў і такія станцыі я зазначаю ў галаве як вартыя вярнуцца ізноў.

© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2025