BMW Motorrad Days 2023
кастрычнік 31, 2023Вітаю!
Нарэшце першы блог пра якое-нейкае мотападарожжа. Сёньня хачу апавесці пра мой досьвед удзельніцтва ў мерапрыемствы пад назвай BMW Motorrad Days 2023, які адбыўся з 8 па 10 верасня ў 2023 годзе.
Гэта такі адмысловы мота-злёт які арганізавала, як вы ўжо здагадаліся, марка BMW, але паўдзельнічаць мог кожны на кожным матацыкле. Злёт, адбыўся з пятніцы па нядзелю ў польскім гарналыжным курорце Зяленец(Zieleniec). Палатачнага гарадка як на тыповых злётах не было - усё ж такі ня бедныя людзі прыязджаюць, таму пражываньне падразумявалася ў гасьцініцах ды гатэлях.
У пятніцу-суботу была нейкая праграма тыпу канцэрт рок-гуртоў, розныя конкурсы і гульні. Ну і канешне тэст-драйв матацыклаў BMW.
Галоўнай фішкай мерапрыемства былі спецыяльна падрыхтаваныя трасы:
-
Турыстычная - 300-кіламетровая шашэйная траса, разлічаная на 5 гадзін язды, якая праходзіць па мясцовых маляўнічых дарогах Ніжняй Сілезіі і Чэхіі
-
Adventure - навінка, шашэйна-грунтавая траса ў 120км, разлічаная на 4 гадзіны для аматараў лёгкага афроўду
-
GS Challenge - сур'ёзная афроўдная траса з перашкодамі, толькі для матацыклаў BMW GS, адзіная траса дзе ўлічваецца час і ёсьць узнагароды ў канцы. Удзельнікам гэтай трасы можна было набыць адмысловыя юбілейныя кашулі - 100 гадоў BMW Motorrad.
Сам злёт - дармовы, але ўдзел у трасах - платны, каля 65 злотых, за якія вы дадаткова атрымліваеце фірмовую цішотку, пакет з рознымі заманухамі і падарункамі. Як на маю думку гэта выгадная ўгода. Я разумеецца выбраў трасу Adventure. Я што дарма ставіў афроўдныя шыны??? :)
Таксама можна выкупіць удзел для суправаджальнай асобы(пасажыра), што я і зрабіў, купіўшы квіток для маёй жонкі. З апісаньня Adventure трасы не было відавочна ані ці можна ехаць разам з пасажырам, ані які дакладна будзе ўзровень складансьці. Было толькі напісана што будзе "лёгкі афроўд", сумесь асфальтавых дарог ды грунтовых. Ну добра, паглядзім.
У пятніцу ўвечары мы з жонкай паехалі ў Зяленец. Першае уражаньне - навокал адныя матацыклы BMW усіх гадоў і мадэлей. Прыгожа.

Зарэгістраваліся, атрымалі цішоткі, наклейкі ўдзельнікаў, падарункі, нейкія ваўчэры ды купоны на фуд-корт на суму, якую мы заплацілі за ўдзел у мерапрыемстве(гэта было даволі нечакана). Найважнейшай падзеяй гэтага вечару быў брыфінг, на якім усе ўдзельнікі атрымалі файлы з GPS-каардынатамі адпаведных трас. З неабходных рэчаў трэба было ўзяць запас вады - надвор'е мела быць сьпякотнае. Нажаль мы даведаліся што траса Adventure увогуле не падразумявала ўдзелу пасажыраў, што там трэба будзе пераязджаць нават рэчку ўброд і ўвогуле лёгка ня будзе. Што ж, цікава.
GS Challenge гэта была тая самая траса Adventure, толькі потым (у лагеры) удзельнікаў яшчэ чакалі розныя перашкоды, якія трэба было прайсьці на час.
Потым быў канцэрт нейкага рок-гурта - адным словам усё вельмі нагадвае звычайны злёт, толькі з рэклямным акцэнтам і без вялікай колькасьці алкаголю. Так, так - на фуд-корце было шмат безалкагольнага піва. Здаецца было і звычайнае, але я ня бачыў. Забароны на алкаголь не было - хто хацеў, той знайшоў, але такіх асоб было мінімум. Зрэшты ўсе ж на сваіх колах прыехалі, ды й старт заўтра а 9 раніцы. Можа дзякуючы гэтаму атмасфера была вельмі дружэльная і спакойная, ня ведаю, але мне спадабалася.

У суботу прыйшлося прачнуцца даволі рана: да старту трасы Adventure ад нашага гатэлю было ехаць каля 40 хвілін. Нумар наклеены, працерці матацыкл ад шэрані і можна ехаць.

Я ўсё вагаўся ці не ўзяць майго пасажыра з сабой - усё роўна ніхто не правярае едзеш ты па каардынатах сам ці не сам. Але ў апошні момант усё ж было вырашана пакінуць жонку ў ГЦ непадалёк і, забягаючы наперад, скажу што гэта было вельмі слушнае рашэньне.
Старт трасы знаходзіўся ў рынку невялічкага мястэчка Бардо, тут жа быў і фініш. А 9:30 я ўжо быў на месцы.

Для навігацыі па маршруце я вырашыў скарыстацца праграмай BMW Connected. Гэта штатная праграма для матацыклаў BMW, якая заўсёды падключаецца праз bluetooth да матацыкла і піша тэлеметрыю паездкі, мае ўбудаваную навігацыю і таксама падтрымлівае навігацыю па зададзеных каардынатах. Матацыкл BMW, злёт BMW, траса BMW - што можа падысьці да навігацыі лепей як не праграма BMW? :)
Трэба яшчэ адзначыць што я быў адзінай асобай якая стартавала ў гэты момант. Я запытаў арганізатараў ці паехаў хтосьці наперад і атрымаў адказ што пара чалавек толькі едзе перада мной. Ну добра, ключ і навігатар на старт!
Выязджаючы вулічкамі Бардо я пабачыў двух матацыклістаў з чырвонымі налепкамі наперадзе, але яны так хутка панесліся, што я нават не пытаўся іх дагнаць. І навошта? У мяне ж ёсьць навігацыя. Еду спакойна, любуюся сонейкам і прыродай.
Праблемы пачаліся калі ад'ехаў пару кіламетраў ад Бардо. Навігатар BMW вырашыў што я занадта далёка еду і да фінішу можна прыехаць хутчэй - проста завярнуўшы назад. Мушу прызнацца што гэта мой першы досьвед карыстання гэтым "файным" навігатарам, як і афроўд па кропках. Я спрабаваў на розныя спосабы прымусіць яго весьці мяне па заданых кропках, але ён прапанаваў альбо вярнуцца назад і закончыць маршрут, альбо вярнуцца назад і пачаць яго адтуль(нагадаю старт і фініш знаходзяцца ў адной кропцы).
Штош, мяне ўжо пачалі заядаць мошкі ды камары. Трэба было нешта рабіць і хутка. Не прыдумаў нічога лепей як хутка падкінуць файл з маршрутам у Google Maps як асобны слой і ехаць ад кропкі да кропкі, бо гуглу нічога не вядома пра дарогі праз лясы і палі. Ну добра, пакуль так, еду далей.
Праз некалькі кіламетраў дарогі, траса сышла з асфальту ў лес. Пачынаецца, падумаў я.


На брыфінгу ўдзельнікам трасы Adventure раілі аб'ядноўвацца ў невялічкія групы, каб дапамагаць адзін аднаму ў складаных момантах.
Злавіў сябе на думцы што чамусьці няма ўвогуле слядоў матацыклетных шын, як мінімум тых двух матацыклаў што я бачыў наперадзе на старце.
Дзіўна, вельмі дзіўна.

У некаторых момантах было даволі складана. Калі гэта пачатак, то што будзе далей? Добра што неўзабаве лес сконьчыўся і пачаліся палі.


Некалькі слоў пра навігацыю. Я так і ехаў па кропках у Google Maps: гляжду ў якім кірунку і колькі плюс-мінус трэба ехаць і еду. Добра калі сустракаліся вёскі - было лягчэй арыентавацца. Атрымалася такое сабе спартовае арыентаванне.
У пэўным моманце я прыгадаў што калісьці карыстаўся прыладай Osmand для навігацыі па кропках, але я быў у такой глухамені, што заінсталяваць яе не было ніякіх шанцаў. Што ж, сам вінаваты - панадзеяўся на адную праграму і не зрабіў запасны плян. Будзе навука на будучыню.


Дзесьці ў палях, у палове трасы я раптам сустрэў матацыкл з чырвонай налепкай і нумарам. Ну нарэшце! Праблема была толькі ў тым, што гэты матацыкл ехаў... мне на сустрэчу. Мы спыніліся і адбыўся вось такі дыялог:
- Дзень добры! А чаму пан едзе ў гэтым кірунку?
- Добры! Я ў правільным кірунку еду, гэта пан едзе ў зваротным.
- Не, я таксама еду ў добрым кірунку!
Ён выцягвае навігатар з Osmand'ам які адназначна паказвае што я паехаў праходзіць трасу... З КАНЦА. О курва! Вось гэта факап!
Падзякаваў пану і пачаў думаць што рабіць далей. Палову трасы я ўжо зрабіў. Вяртацца той самай дарогай не мела ніякага сэнсу. Ну добра, што рабіць, паеду ўжо да канца так як еду.



Пасля сустрэчы ў палове трасы мне штохвіліну трапляліся іншыя ўдзельнікі і кожны трэці затрымліваўся каб спытаць ці ўсё ў мяне ў парадку і чаму я вяртаюся. Ветліва тлумачыў што гэта я лапух, чым вельмі смяшыў кожнага, і мы раз'язджаліся кожны ў сваім кірунку. Такі лёс у мяне сёньня.

Рэчка, якую трэба было праехаць
Рэчка аказалася не вельмі страшная: вады было па падножкі, але ўзяў добры разьбег і праехаў без нейкіх дадатковых клопатаў. Варыянт праязджаць паволі я нават не разглядаў, бо сам напэўна не выцягнуў бы гуся калі б нешта пайшло не па пляне.
Далей былі зноў палі і ўзгоркі. У пэўным моманце я напаткаў на пана на матацыкле, які спыніў мяне і запытаў у якім кірунку яму ехаць. Я пачаў тлумачыць у соты раз, што я еду ў няправільным кірунку і ўсю вось гэтую гісторыю, але бачу што ён здзіўлены і не занадта разумее аб чым я. Аказалася, што ён увогуле ня ведаў нічога пра райд і проста пабачыў матацыклістаў і паехаў за імі катацца, але згубіўся :D

Google maps паказваў што 3/4 трасы ўжо пройдзена. Па палях і ўзгорках ехалася даволі добра, часам з'яўляліся мясціны з файнымі відокамі на горы, але ўжо не было жаданьня спыняцца і фоткаць. Шчыра кажучы, я быў даволі стомлены - я ехаў ужо тры гадзіны, сонца ўжо было высока і было даволі горача.
У пэўным моманце я пад'язджаю да нейкага джыпа які стаіць проста ў полі і побач стаяць і мне махаюць нейкі пан і пані. Спыніўся, ужо традыцыйнае пытаньне - дзе я еду і чаму я еду ў зваротным кірунку. У тысячны раз апавядаю сваю гісторыю, яны доўга сьмяюцца. Надыйшла мая чарга пытаць чаму яны тут стаяць. Аказалася, што я пад'ехаў да самай складанай перашкоды.

Пана сюды прыслалі арганізатары, бо самастойна было цяжка праехаць гэтае месца, асабліва для ня вельмі дасьведчаных афроўдшчыкаў як я. На гэтым мейсцы калісьці была рачушка, але зараз там сур'ёзнае балота і найгоршае: там быў невялічкі мосцік з бярвён, якія ўжо засталіся ў гэтым балоце і ўзгорак на канцы, якія вельмі ўскладнялі праезд. Я пайшоў паглядзець і памацаць гэтае балота нагамі, выглядала даволі непрыемна.

Спытаў ці ўсе здолелі пераадолець гэтую перашкоду. Пан усьміхнуўся і адказаў што амаль усе, акрамя нейкіх двух матацыклістаў, якія моцна спужаліся і паехалі ў аб'езд. І так яшчэ дадаў у канцы: "Нават жанчыны праехалі!". Ну што ж, у мяне не заставалася выбару. Адвэнчэр так адвэнчэр!

Большую частку атрымалася праехаць самому, але каб заехаць на ўзгорак як і чакалася не хапіла зацэпу задняга кола - яно буксавала ў балоце.
Пан з пані і тросам прыйшлі на дапамогу і перашкода была паканана. Я сардэчна падзякаваў і пайшоў вытрасаць адрэналін балота з штаноў.
Еду далей, да фінішу засталося ўсяго нічога!

Я быў даволі стомлены ўжо ў гэты час - ішла чацьвертая гадзіна райду, мне ўжо хацелся як мага хутчэй даехаць да фінішу. Ну і нарэшце здарылася тое, што павінна было здарыцца - трошкі за моцна "паверыў у сябе" і ўпаў.

Непрыемна, але не сьмяротна. Трошкі падрапаў ахоўную дугу, ну і выпацкаўся ў брудзе. Добра што была невялікая хуткасьць і ёсьць ахова ў матацыкла. Найскладней было падняць матацыкл з гэтай калюжы. Стомленасьць моцна адчувалася. Аддыхаўся, успомніў усе юцьюбаўскія парады, выцягнуў бакавую падпорку і падняў спіной з другога боку. Дзе там ужо той фініш?

Вось гэтыя горы - гэта ўжо Бардо, і фініш дзесьці там. Гэта мне трошкі надала сіл на апошні рывок.





На фінішы іншых матацыклаў не было, ня ведаю ці то я астатні прыехаў, ці яны можа там яшчэ па калюжах скачуць. Арганізатары запыталі як мне ехалася, у стотысячны раз распавёў ім сваю гісторыю, з якой яны шчыра парагаталі. Яны ўсё намагаліся мяне накарміць бігасам і нейкімі халоднымі закускамі, але я адмовіўся - акрамя вады нічога не хацелася.
Падсумаваньне трасы Adventure:
- уся траса заняла ў мяне прыкладна 4 гадзіны, як і было заплянавана праз арганізатараў
- прыкладна 70% трасы было файна ехаць сола, але былі моманты(у балотах) калі хацелася каб нехта быў побач для магчымай дапамогі
- абавязкова разабрацца з софтам для навігацыі ў афроўдзе, мець спампаваныя карты і лепей нейкі запасны софт, каб не пакутаваць пасярод лесу ад браку сувязі і непрацуючай навігацыі як я
- парада браць з сабой як мага больш вады - вельмі слушная і карысная, у мяне з 2 літраў вады не засталося амаль нічога
- ежа мне не спатрэбілася, бо праз адрэналін, сьпеку і стомленасць было ўвогуле не да яе
- мае шыны Pirelli Scorpion Rally STR цалкам далі рады, акрамя аднаго месца з "супербалотам", але агулам я задаволены. Я бачыў на трасе людзей на шашэйных шынах і шчыра не ўяўляю ўзровень іх пакутаў
- парада запраўляць матацыкл "да поўнага" - слушная, але ёсьць нюансы. Калі ў вас гусь з 30 літровым бакам - хопіць і паловы. Было вельмі адчувальна што перад матацыкла быў перагружаны, магчыма гэта яшчэ дадаткова ўскладніла праезд "супербалота"
- нягледзячы што я даў рады з трасай, адсутнасць сьвядомых навыкаў афроўда выклікала ў складаныя моманты дадатковы страх і няўпэўненасьць, таму на будучыню трэба было б зрабіць нейкі базавы курс на будучыню
- на будучыню для такіх вось афроўдаў і балот было б файна мець партатыўны кампрэсар для колаў, каб можна было зьмянаць ціск у колах у залежнасьці ад варункаў
- варта браць з сабой экшн-камеру, а я забыў яе дома :(
Час вяртацца за маёй жанчынай і шукаць нейкую мыйню.
BMW Motorrad Days 2023
Вярнуўшыся ў Зяленец, мы трошкі паглядзелі фінал конкурсу GS Challenge. Ён палягаў на нейкім міксе мотаджымханы з рознымі перашкодамі. Перашкоды былі даволі складаныя тыпу праехаць па пакрышках ці па жолабе, сабраць некалькі фішак не сыходзячы з матацыкла і гэтак далей.

Для сябе адзначыў што добра што ня выбраў гэты варыянт, бо на сто адсоткаў я бы адмовіўся ў гэтым удзельнічаць. На гэтым жолабе людзі праз аднаго падалі і выглядала гэта даволі балюча, не кажучы ўжо пра іспыт калі трэба праехаць уздоўж бервяна, але кола павінны ісьці па розных боках. Але ж і ўзнагароды былі файныя, таму хто ўмее і можа - варта)
БМВ выкарыстоўвала ўвесь патэнцыял гэтага мерапрыемства каб рэклямаваць свае матацыклы - іх было каля 50 штук, даступных для тэст-драйву на месцы. Таму трошкі адпачыўшы я вырашыў споўніць сваю даўнюю мару і ўзяць на тэст-драйв R18.

Але свае ўражаньні ад матацыкла-мары напэўна апішу ў іншым артыкуле, бо і так атрымаўся салідны лонгрыд.
На заканьчэньне дня былі раздаваныя ўзнагароды пераможцам, рок-канцэрт, ну і ўсё як на звычайным байк-фестывалі. Але пасля такога насычанага дня сілы ўжо зусім пакідалі мяне, таму доўга мы не затрымаліся і паехалі адпачываць.
Нядзеля. Нібыта апошні дзень мерапрыемства, але фактычна нічога ўжо не адбывалася. Усе палаткі паволі зьбіраліся, матацыклы запакоўваліся ў прычэпы. Таму мы з сябрамі вырашылі пракацціца па слыннай аўтастрадзе Судэцкай, бягучай па польска-чэшскай мяжы як вы ужо здагадаліся праз Судэты.
Вось такія відокі можаце назіраць калі паедзеце дарогай нумар 389.


Ну і канешне па дарозе дадому як было не заехаць на Лёндэцкі перавал(Przełęcz Lądecka)

Мерапрыемства вельмі спадабался, з прыемнасьцю прыедзем ў наступным годзе(пытаньне толькі на якую трасу, але гэта ўжо нюансы). Быў вельмі файны матацыклёвы клімат пасярод гор з ачмурэннымі відокамі. Было цікава: спаткалі розных цікавых матацыклаў і людзей. Ёсьць невялічкія інфармацыйныя моманты, якія можна было б палепшыць, але агулам было вельмі добра. Раю ўсім БМВістам і ня толькі!
Дзякуй што дачыталі да канца і да пабачэньня ў наступным годзе!
Мапы Adventure і турыстычнай трасы
Спасылка на наступны BMW Motorrad Days 2024