← назад

BMW Motorrad Days 2024

кастрычнік 3, 2024

Вітаю!

Сёньня хачу апавесці пра свае ўражаньні ад удзельніцтва ў мерапрыемствы пад назвай BMW Motorrad Days 2024, якое адбылася з 6 па 9 верасня ў 2024 годзе.

Гэта штогадовая імпрэза, якая ўпершыню за сваю 4-гадовую гісторыю адбываецца не ў польскім Зяленцы, а ў самым сэрцы заходніх Бескідаў - вёсцы пад назвай Вісла(думаю што вы чулі пра такую польскую раку - вось менавіта адсюль яна пачынае свой бег да Балтыйскага мора).

Больш падрабязна пра фармат гэтых Motorrad Days можна пачытаць у леташнім артыкуле з Зяленца, бо акрамя лакацыі няшмат чаго зьмянілася, таму буду рабіць акцэнт толькі на адрозьненьнях і канешне сваіх уражаньнях і эмоцыях.

Плян мерапрыемства
Плян мерапрыемства

Месца імпрэзы і паркоўка

Месцам асноўнага лягеру быў абраны пляц каля трампліна Malinka. Калі шчыра: трошкі дзіўны выбар, бо пляц меў форму вузкага але шырока выцягнутага прастакутніка і людзі якія былі на фудкорце увогуле ня ведалі што адбываецца на сцэне і наадварот.

Від на трамплін Malinka на якую можна было падняцца фунікулёрам
Від на трамплін Malinka на якую можна было падняцца фунікулёрам

Асабліва нязручна было з паркоўкай для матацыклаў: гэта быў асобны тупіковы пляц праз дарогу ад галоўнага пляцу, з адзіным вузкім заездам. Месцаў на ўсіх не хапіла - ніхто не хацеў ехаць у глыбіню тупіка, таму многія паркавалі матацыклы проста ўздоўж дарогі на траўніку. Арганізатары не спадзяваліся sold out'а?

Адзіны заезд на паркінг
Адзіны заезд на паркінг
У глыбіні можа і былі месцы, але ж іх было нябачна
У глыбіні можа і былі месцы, але ж іх было нябачна

Трасы

Было агалошана традыцыйна тры трасы: турыстычная, Adventure і GS Challenge.

Турстычная траса была каля 180 кіламетраў і пралягала галоўным чынам па Бескідскіх ваколіцах, якія я амаль усе наведаў вясной.

Турстычная траса
Турстычная траса

Для мяне ўвогуле дзіўна што яна такая кароткая і што не зрабілі трасу з заездам у Славакію, дзе дарогі больш відовішчныя. Незразумела.

Вось так выглядала мапа трасы Adventure: даўжыня каля 110км, час праходжаньня паводле арганізатараў каля 3-4 гадзін.

Мапа Adventure
Мапа Adventure

На момант пакупкі квіткоў каншене было невядома як будуць выглядаць трасы, але я так і думаў што турыстычная будзе ня вельмі цікавая(як на мяне) і не памыліўся.

У пэўным моманце думаў а не спрабаваць лі свае сілы ў GS Challenge, але потым усё ж ня вырашыўся і выбраў Adventure, якая як бачыце амаль поўнасьцю паўтарае Challenge толькі без памераў хуткасьці і спецыяльных перашкод.

Мапа Challenge(сіняя) у параўнаньні да Adventure(чырвоная)
Мапа Challenge(сіняя) у параўнаньні да Adventure(чырвоная)

Брыфінг

Брыфінг адбываўся з галоўнай сцэны. У гэтым годзе асобны брыфінг мелі толькі ўдзельнікі GS Challenge. Рэшце са сцэны проста казалі спампаваць трасы і "давайце там уважліва". Ніякай карыснай інфармацыі не было, акрамя акцэнту на тым, што траса Adventure будзе складаная і без адпаведных шынаў нават не спрабуйце.

Для мяне шчыра кажучы было ня вельмі зразумела падыходзяць мае Scorpion Rally STR пад крытэрый "адпаведных" ці не: бо яны добрыя ў лёгкім афроўдзе, але на нейкія багна канешне не(я добра памятаю 2023 год!). Пасля брыфінгу я пытаўся можа ў пяці розных людзей з бэйджам "арганізатар" і ніхто адказаць на гэтае пытаньне ня змог, я нават фотку шын паказваў. Як кажуць - nuff said 🤷‍♂️

Ня ведаю навошта(магу толькі здагадвацца), у гэтым годзе спампаваць gpx-файлы з маршрутамі можна было толькі праз нейкую прыладу, якая выглядала як студэнцкая дыплёмная праца і была збагаваная да таго ўзроўня(прынамсі пад iOS), што спампоўка ў ёй проста не працавала :) Зусім не ўзровень BMW...

Спампаваць(у тэорыі) gpx-файлы з маршрутамі можна было толькі праз нейкую прыладу
Спампаваць(у тэорыі) gpx-файлы з маршрутамі можна было толькі праз нейкую прыладу

Таму, адразу пасля брыфінгу да арганізатараў зрабілася доўгая чарга людзей, якія не маглі разабрацца з гэтай моднай прыладай.

Чарга з тых хто не разабраўся з моднай прыладай
Чарга з тых хто не разабраўся з моднай прыладай

Стаў у чаргу і я, але за той час што я стаяў у мяне атрымалася перамагчы і спампаваць заветныя файлы самастойна. Арганізатары зрэшты таксама не параілі нічога наконт шынаў, проста сказалі - на ўласную адказнасьць 🤷‍♂️

Мой нумар
Мой нумар

Рэклямныя падаруначкі ў гэтым годзе былі зусім слабыя: самая каштоўная была цішотка ды безалкагольнае піва, усё іншае адразу да коша пайшло.

Рэклямныя падаруначкі
Рэклямныя падаруначкі

Новыя матацыклы

Вядома што галоўнай мэтай гэтага мерапрыемства з'яўляецца прасоўваньне і рэкляма маркі BMW. У гэтым годзе з'явілася навінка - R1300GS і R1300GS Adventure.

Новыя R1300GS паўсюль
Новыя R1300GS паўсюль

Калі першы ўжо можна ўзяць на тэст-драйв ў амаль што кожным салоне, то Adventure-версія - гэта зусім новасць.

Новы R1300GS Adventure
Новы R1300GS Adventure

Дзеля таго каб змясьціць задні радар - выкінулі лямпу стоп-сігналу, а стоп-сігнал разам з паваротнікамі і габарытамі змясьцілі ў ...паваротніках - я нават ня ведаю як гэта каментаваць, паглядзіце самі:

Задні радар замест стоп-сігналу
Задні радар замест стоп-сігналу

Куфры ад папярэдніх мадэляў канешне не падыходзяць - іншая сістэма мацаваньня, якая толькі выглядае вельмі брутальна: калі прглядзецца гэта нейкі сплаў, да таго ж выфрэзераваны з зваротнага боку каб зьменшыць вагу.

Навошта было змяняць тое што працавала гадамі? Бо будзе ўбудаваны цэнтральны электрычны замок, але толькі на цэнтральным і левым куфры, бо з правага боку перашкаджае глушыцель 🤷‍

Можа са мной нешта ня так, але ў мяне звычайна падчас падарожжаў бакавыя куфры адчыняюцца толькі ў гатэлі, а цэнтральны, дзе ляжаць розныя рэчы патрэбныя на час падарожжа, замыкаецца звычайным ключом за 5 секунд.

Новы R1300GS Adventure: бак быццам сяклі сякерай
Новы R1300GS Adventure: бак быццам сяклі сякерай

Дызайн мне вельмі не падабаецца. Я разумею што гэта пытаньне густу і ўвогуле філязофія GS ніколі не была пра дызайн, але на маю думку выглядае ён агідна.

Усе паўтараюць як мантру што ён быццам кіруецца і рулюецца лепей, але пакуль самастойна не спрабую - нічога не буду казаць.

Здаецца BMW вырашылі браць цаной замест колькасьці: яны вызначыліся з сваёй мэтавай аўдыторыяй - гэта дарослыя дзядзькі, якія маюць грошы і якія хутчэй за ўсё на гэтым матацыкле будуць катацца па 1500 км у год ў стэрыльных умовах. Інакш неабходнасьць усіх гэтых радараў, цэнтральных замкоў і іншых атрыбутаў люксавага аўтамабіля ў матацыклы па цане аўтамабіля я не магу.

Фудкорт

Падчас рэгістрацыі кожны ўдзельнік атрымаў фішкі, якія можна абмяняць на ежу і напоі па наступным курсе: белая фішка - 30зл, сіняя - 10зл.

Фішкі на ежу ды напоі
Фішкі на ежу ды напоі

Але размаітым фудкорт у гэтым годзе назваць было цяжка: былі толькі fancy-бургеры, нейкія каўбаскі ды запеканкі.

Цэннік як у цэнтры Ўроцлава
Цэннік як у цэнтры Ўроцлава

Бургеры выглядалі вельмі цікава і смачна на фоне ўсяго астатняга, да таго ж можна было купіць за фішкі, таму я вырашыў пакаштаваць. Нажаль менавіта такое самае уражаньне мелі ўсе удзельнікі мерапрыемства, таму да гэтых бургераў была працяглая чарга.

Адстаяўшы чаргу, каля 9 увечары, я запытаў колькі часу плюс-мінус трэба чакаць на сам бургер. Адказ быў - ну хвілін 30-40. У рэчаіснасьці хвілін 30-40 трывала больш за 2 гадзіны. Бургер я атрымаў пасля 11 увечары, галодны і злы.

Той самы бургер з аленіны
Той самы бургер з аленіны

Бургер быў канешне смачны, але зусім ня варты часу чаканьня. На другі дзень я ўвогуле нават не падыходзіў да гэтых бургераў і толькі спачуваў людзям у чарзе.

Вялізны мінус арганізатарам за толькі тры пункты з ежай - на такую колькасьць удзельнікаў гэта было не файна. Асабліва бяручы пад увагу што навокал не было аніводнай альтэрнатывы.

Ах так, зусім забыў пра Жабку на тэрыторыі, але яна вельмі рана зачынялася, бо інакш я б выбраў хат-дог за 8 злотых і 2 хвіліны чаканьня чым халяўны бургер.

Гандаль і зніжкі

Традыцыйна быў распродаж усяго асартыменту экіпіроўкі BMW, з вельмі добрай зьніжкай - 50%. Толькі дзеля гэтага было варта наведаць гэты івент(маленькі лайфхак - білеты ніхто не правярае, можна было проста прыехаць і купіць рэчы на зьніжках).

Увесь асартымент са зьніжкай 50%
Увесь асартымент са зьніжкай 50%

Тут і мне пашанцавала знайсьці нешта, так што я застаўся задаволены :)

Агулам было значна меньш прамоўтэрскіх палатак як мне падалося. Затое традыцыйна было шмат палатак прадстаўнікоў салонаў BMW з усёй Польшчы, якія ўвечары хутка зачыніліся і фестывалілі паміж сабой. Такі вось злёт дылераў BMW :)

Увечары зрабілася холадна, выпала моцная раса, тэмпература апусьцілася з +28 градусаў да +14. Адчувалася што мы знаходзімся ўсё ж такі ў гарах. Час вяртацца ў гатэль і адпачываць перад заўтрашнім днём.

А поўначы было ўжо зусім ня летняе надвор'е
А поўначы было ўжо зусім ня летняе надвор'е

Галоўны дзень мерапрыемства і траса Adventure

Субота - галоўны дзень мерапрыемства. Траса GS Challenge пачалася ад 8 гадзіны раніцы, астатнія трасы традыцыйна не мелі акрэсьленага часу старту. Але я вырашыў пачаць як можна раней, каб не ўсмажыцца пад пякучым сонцам калі яно будзе ў зеніце.

Падрыхтаваньні да выезду
Падрыхтаваньні да выезду
Кот кажа што можна ехаць калі асьцярожна
Кот кажа што можна ехаць калі асьцярожна

Падчас рэгістрацыі кожны атрымаў раздрукоўку з віктарынай, у якой пытаньні тычацца мясцовасьці правядзеньня злёту(і гугляцца за тры хвіліны). Але тым разам былі рубрыкі, якія можна было запоўніць толькі будучы ўважлівымі падчас праезду трасы ды зрабіўшы нейкія чэленджы ў лягеры.

Віктарына
Віктарына

Забягаючы наперад, я знайшоў усе коды падчас трасы і адказаў на ўсе пытаньні, але згубіў гэтую раздрукоўку па дарозе ў лягер 🥲

Запраўкі акупаваныя матацыкламі
Запраўкі акупаваныя матацыкламі
Старт
Старт

Памятаючы вопыт сола-афроўду ў мінулым годзе, я шукаў сабе таварыства на гэты райд, але нажаль так і не атрымалася нікога знайсьці ані сярод знаёмых ані сярод удзельнікаў папулярных мясцовых ФБ-суполак. Ну што ж, спрабуем зноўку сола.

Па дарозе да пачатку афроўднай часткі мне на хвост сеў нейкі матацыкліст на Ducati Multistrada з чырвонай налепкай трасы Adventure. Я спыніўся запытаць ці ўсё ў яго ў парадку і аказалася што ў яго няма навігацыі ўвогуле і ён шукае таварыства - штош, я не супраць.

А праз хвіліну да нас пад'ехаў новенькі R1300GS, дзе пілот таксама шукаў кагосьці з навігацыяй, бо ён хацеў скарыстацца з прылады BMW і нешта пайшло ў яго ня так(кек, ну дакладна я год таму!). Вось такой бандай мы і паехалі: матацыклы аб'ядноўваюць людзей.

Маё таварыства
Маё таварыства

Відэа-справаздача трасы Adventure

Відокі на Бескіды
Відокі на Бескіды
Яшчэ відокі
Яшчэ відокі
Прыгожа
Прыгожа

Маё таварыства на палове трасы вырашыла што ім хопіць і далей я зноў паехаў сам. Шчыра кажучы, потым я думаў што насамрэч яны ня шмат чаго прапусьцілі не паехаўшы далей: першая палова была больш цікавая.

Вослік
Вослік

Маё адзіноцтва доўжылася няшмат, бо я спаткаў на дарозе сямейную пару на дзьвух кросавых Husquarna'х, якія неафіцыйна ехалі гэтай жа трасай, але ў іх селі акумулятары ў тэлефонах. Ізноў я ў ролі правадніка 😁

Потым мы спаткалі мужчыну на Хондзе, які няўдала ўпаў і ня мог самастойна падняць матацыкл. Так і вырашылі трымацца разам.

Мужчына на Хондзе
Мужчына на Хондзе
У Хонды адарвалася падножка, але мужчыну гэта не затрымала каб ехаць далей - крамень!
У Хонды адарвалася падножка, але мужчыну гэта не затрымала каб ехаць далей - крамень!

І так мы даехалі да самага складанага месца ўсей трасы - стромы пагорак, які на апошніх метрах ужо распаханы ўшчэнт папярэднімі ўдзельнікамі.

Той самы стромы пагорак
Той самы стромы пагорак
Распаханы ўшчэнт на апошніх метрах
Распаханы ўшчэнт на апошніх метрах

Сямейная пара на хускварнах паканала яго без праблемаў увогуле. Мужчыне на Хондзе прыйшлося дапамагаць, а майго гуся мы ўжо зацягвалі ў чатыры пары рук 🥲

Аналізуючы, я прыйшоў да выснаваў што па-першае: ў гэтым месцы трэба было не асьцярожнічаць, а браць максімальны разгон наколькі можна. Па-другое: мне не хапіла досьведу і майстэрства - гэтая перашкода была насамрэч складаная, не для такіх аматараў як я. Вы можаце сказаць што гусь проста за цяжкі і будзеце мець рацыю, але мужчыне на Хондзе таксама не хапіла майстэрства і ён не заехаў. Ну а шмат удзельнікаў GS Challenge пасьпяхова заехалі на вялікіх гусях. Выснавы рабіце самі - майстэрства і досьвед маюць пераважнае значэньне.

Апошнія 5км прайшлі пад неспадзяваным летнім дажджом. Фініш быў проста ў нейкай вёсцы каля Жабкі: ніякіх арганізатараў вітаючых з праходжаньнем трасы і частуючых бігасам як год таму канешне там не было 🤷‍♂️

Фініш быў проста ў нейкай вёсцы каля Жабкі
Фініш быў проста ў нейкай вёсцы каля Жабкі

Падсумаваньне

Праходжаньне трасы Adventure заняло ў мяне каля 4 гадзін. Траса была мякка кажучы дзіўная: большасьць гэта была язда лугамі, прыватнымі падворкамі, нейкімі тэхнічнымі дарогамі ўздоўж аўтастрад і трошкі лясамі. На плюс - час ад часу былі прыгожыя краявіды, хоць ўсё круцілася каля адных і тых жа гор.

Некаторыя кавалкі(там дзе траса проста ўздоўж палёў наразае петлі) быццам дадалі проста для таго каб павялічыць адлегласьць і змарыць тых хто будзе ехаць - іншага тлумачэньня ў мяне няма.

90 адсоткаў трасы былі простыя: было некалькі ручаёў і адна неглыбокая рэчка. Але некалькі месцаў(як напрыклад той пагорак які мяне паканаў) былі неапраўдана складаныя ў параўнаньні да трасы агулам.

Асобна хачу заўважыць што калі б дождж прайшоў перад стартам альбо ішоў падчас - гэта траса зрабілася бы моцна хардкорная, асабліва на стромых лугах і пагорках. Ня ўпэўнены што атрымалася б праехаць яе да канца без падзеньняў. Лічу баланс трасы ня вельмі добрым.

Да таго ж трэба дадаць памылкі ў gpx-файле - быў адзін пагорак дзе ўсе стаялі і глядзелі ў навігатары, бо згодна з трасай ехаць было немагчыма. Мы таксама там пагубіліся, але потым проста аб'ехалі гэты кавалак так як атрымалася.

Падчас язды нехта расказаў чутку быццам арганізатары ў апошні момант не атрымалі згоды мясцовых уладаў на язду лясамі - ня ведаю наколькі гэта праўда. Мяне асабіста траса расчаравала: у мінулым годзе ў Зяленцы яна была больш збалансаваная, размаітая і цікавая.

Я асабіста задаволены тым як я праехаў. Так, яшчэ шмат чаму трэба навучыцца, але я быў больш упэўнены ў сабе і шмат якія натуральныя перашкоды ўжо так не палохалі мяне як год таму.

Арганізацыйна гэтае мерапрыемства пайшло на мінус у параўнаньні з Зяленцам, але спадзяюся што гэта не стане традыцыяй, ну і спадзяюся што ў наступным годзе будзе нейкая іншая лакацыя :)

Паеду лі я зноўку? Хутчэй так, паглядзім.

Дзякуй што дачыталі да канца.

Фінальны канцэрт Still of the Night'80 Rock Show - асалода для вухаў
Фінальны канцэрт Still of the Night'80 Rock Show - асалода для вухаў
Мапы Adventure і турыстычнай трасы
Спасылка на папярэдні BMW Motorrad Days 2023
© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2025