Хто я такі і навошта ўсё гэта

люты 11, 2023

Прывітаньне!

Мяне завуць Тарас. Сардэчна вітаю ў маім блогу, прысьвечанаму матацыклам, падарожжам на матацыклах і ўсяму што датычыцца матацыклаў.

Навошта людзі ў 2023 годзе ствараюць тэкставые алдскульныя блогі? - запытаеце вы. І гэта добрае пытаньне. Паспрабую адказаць.

Гэта я
Гэта я

У момант напісаньня гэтага тэксту мне 32 гады. Я беларус, які жыве ўжо шмат гадоў у Еўропе, а дакладна ў Польшчы. З двухколавай тэхнікай маё жыцьцё звязана ўжо каля 20 гадоў.

Ну і навошта мне усё гэта?

Раней, у эпоху павольнага інтэрнэту, прынамсі асабіста для мяне, было вельмі зручна карыстацца блогамі і тэматычнымі форумамі для пошука інфармацыі. Звычайна яны прадстаўлялі сабой розныя камьюніці, дзе можна было аб нечым запытаць ці абмеркаваць нейкую тэму альбо ўвогуле знайсьці дапамогу. Але нажаль усе яны амаль мёртвыя зараз: найбуйнейшыя яшчэ маюць невялічкую актыўнасць, меншыя - зусім нічога. Эпоха сацсетак і відэаблогераў!

Што ў гэтым дрэннага запытаеце вы?

Канешне, калі нехта кшталту Птушкіна робіць першакласныя якасныя відэа гэта вельмі крута глядзець: адразу можна пабачыць прыўкрасныя відокі ў лёгкай і даступнай форме. Такія відэа матывуюць паболей нейкіх там тэкстаў на форуме.

Але такой якасьці кантэнт гэта адсотак ці можа нават менш. Нажаль большасьць гэта:

  • дрэнны мантаж ці ўвогуле яго адсутнасць: калі нехта напрыклад 40 хвілін едзе кудысьці, адным дублем
  • нізкая якасьць: не ва ўсіх ёсьць бюджэты на добрыя камеры ці дроны
  • клікбэйт: відэа амаль нічога ня мае агульнага з загалоўкам ці карцінкай прэўю
  • "вада": ўвесь зьмест можна зьмясьціць ў некалькіх мінутах, але аўтар наўмысна запаўняе бескарыснай інфармацыяй каб манетызаваць відэа(бо такое відэа павінна быць >12 хвілін па правілах ютуба, напрыклад)
  • ультраякасны мантаж з галівудскімі суперэфектамі, але нізкай інфармацыйнай каштоўнасьцью

Яшчэ адзін істотны нюанс з відэаблогамі: актуальнасць інфармацыі на відэа не заўсёды адпавядае рэчаіснасьці, бо няшмат хто мантуе відэа адразу пасля здыманьня і выкладае ў сеціва(у мяне дарэчы гэты час можа складаць 2-3 гады, таму я і не відэаблогер). Дадаткова змесьціва відэа не індэксуецца - можна праглядзець шматхвіліннае відэа з прывабным загалоўкам, але не знайсьці там таго што было патрэбна(мяне такія выпадкі асабліва злуюць).

Але ёсьць жа суполкі ў сацсетках, падкажаце вы, дзе і тэкст, і фоткі можна ўстаўляць. І будзеце мець рацыю, часткова.

Гэта праўда што клясычныя форумы былі выціснутыя ў асноўным сацсеткамі. Людзі аддаюць ім перавагу, бо так прасцей мець усё ў адным месцы, у адным дызайне. Я асабіста вымушаны зараз карыстацца фэйсбукам(ФБ), бо пераважная большасьць людзей на захадзе ім карыстаецца. Але на маю думку ўсё ня так калярова з сацсеткамі і вось чаму.

На прыкладзе ФБ скажу што горш за пошук у ФБ толькі адсутнасьць пошуку ўвогуле. Няма аніякай спарадкаванасці, ёсьць нейкія фільтры, але яны ня вельмі карыстныя. Проста пошук у бясконцай стужцы пастоў перамешаных з рэклямай. Ну і канешне гэта ўсё даступна толькі ў самім ФБ і амаль ніяк не індэксуецца пошукавымі машынамі, таму калі вы не з'яўляецеся ўдзельнікам нейкай тэматычнай суполкі - вы проста нічога не знойдзеце. Дарэчы суполкі гэтыя ў большасьці сваёй закрытыя з-за вялікай колькасьці ботаў распаўсюджваючых спам, таму вы вымушаныя будзеце чакаць на пацверджаньне ўступу ад адміністратара, ну і потым знаходзіцца ў ёй на выпадак калі вам трэба будзе зноў там нешта адшукаць.

Мне вельмі не падабаюцца такія трэнды. Мне не падабаецца што разам з паляпшэньнем і пашырэньнем тэхналёгій пошук інфармацыі ускладняецца замяст палягчэньня. Таму менавіта з гэтых нагод я вырашыў зрабіць такі вось олдскульны тэкставы блог, дзе зьбіраюся дзяліцца сваімі думкамі, назіраньнямі, падарожжамі і г.д, адным словам - распаўсюджваць інфармацыю.

Маю надзею што ён будзе камусьці карысны, хоць ў першую чаргу ён будзе карысны для мяне. Чаму? Памяць такая рэч, што сёньня памятаеш, а за 5-10 год успаміны цьмянеюць і дэталі забываюцца. Адкуль мне гэта ведаць? У мяне ўжо быў падобны блог. З пэўных нагод я вырашыў не працягваць яго, зрабіць перапынак, і завесьці новы, зьмяніўшы тое-сёе. Стары застаецца помнікам мінулага часу, які я пачытваю ў хвіліны настальгіі па пэўных падзеях у маім жыцьці.

Дзякуй што дачыталі да канца :)

    © www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2025