← назад

Мае новыя шыны на гэты сезон - Dunlop Trailmax Raid

красавік 4, 2025

Вітаю шаноўнае спадарства!

У адным з папярэдніх пастоў я дзяліўся сваім досьведам выкарыстаньня шын Pirelli Scorpion Rally STR, з якога вынікала, што шыны мае амаль цалкам знасіліся. Паўстала пытаньне: якія шыны набыць на новы сезон?

Перадгісторыя

Апошнім часам я ездзіў у асноўным у падарожжы аднаго дня вакол Уроцлава: дарогамі Ніжняй і Верхняй Сілезіі, трошкі Чэхіі і Нямеччыны. Мясцовыя асфальтавыя дарогі з найпрыгажэйшымі відамі ўжо праеханыя не адзін раз, а душа патрабуе новага досьведу і новых чэленджаў.

Таму апошнія два сезоны я сур'ёзна зацікавіўся магчымасьцю з'язджаць матацыклам з асфальту на бездарожжа.

Язда па бездарожжы, як па мне, мае свой смак і свае эмоцыі, якія нельга параўноўваць з асфальтам. Галоўны плюс у тым, што для таго, каб атрымаць гэтыя эмоцыі, ня трэба ехаць некалькі сотняў кілямэтраў ад гораду, а ў варунках вельмі абмежаванага вольнага часу - гэта сапраўдны ратунак для майго мотажыцьця.

Каб зрабіць добры выбар, трэба спачатку добра падумаць і зазірнуць у будучыню, каб акрэсліць свае чаканьні ад шын. На гэты сезон я вырашыў зрабіць акцэнт на бездарожжы, таму мае патрабаваньні гучалі наступным чынам:

  • добрыя хадавыя характарыстыкі на лёгкім і сярэднім бездарожжы, такім як грунт, пясок, гравій;

  • задавальняюча добрыя характарыстыкі на асфальце(мокрым і сухім), бо я ўсё ж такі не адмаўляюся ад паездак па дарогах;

  • на колькі магчыма, нізкі ўзровень шуму і вібрацыі на асфальце;

  • задавальняючая зносаўстойлівасьць: мяняць шыны кожныя пару тысяч кіламетраў - не зусім тое, што мне трэба;

Выбар шын

Правёўшы некалькі цяжкіх тыдняў у аглядзе даступных на рынку шынаў, я зразумеў што не існуе шын, якія былі б аднолькава добрыя як на асфальце, так і на бездарожжы. Ёсьць кампрамісныя варыянты з характарыстыкамі недзе пасярэдзіне, але яны заўсёды ў нечым саступаюць спэцыялізаваным варыянтам.

Я зразумеў, што мой варыянт гэта так званыя ADV(ці яшчэ dual-sport) шыны 50/50: 50% асфальт і 50% бездарожжа. Яны добра падыходзяць для афроўду(пад варункам пазбяганьня багнаў і гразевых адрэзкаў), дастаткова добрыя на асфальце, але хутка зношваюцца і дастаткова шумныя.

Самыя папулярныя варыянты шын гэтага тыпу на BMW R1250GS і асноўныя іх плюсы/мінусы:

  • Mitas E-07/E-07+(пасля рэбрэндынгу - Enduro Trail/Enduro Trail+): добрыя на асфальце, зносаўстойлівыя, але горшыя на бездарожжы;

  • Michelin Anakee Wild: горшыя на асфальце, добрыя на бездарожжы, вельмі хутка зношваюцца;

  • Bridgestone Battlax AX41: дрэнныя на мокрым асфальце, добрыя на бездарожжы, неблагая зносаўстойлівасьць;

  • Dunlop Trailmax Mission: пазіцыянуецца як 50/50, але мне не спадабаўся рысунак пратэктара - падалося што ён можа мець кепскую ўстойлівасць на траверсах;

Гэтыя варыянты ўжо правераныя часам і маюць тысячы водгкаў і рэцэнзій у інтэрнэце. Перавагі і недахопы кожнага з іх не дазволілі мне зрабіць нейкі адназначны выбар.

Але чытаючы пра Dunlop Trailmax Mission, я выпадкова трапіў на навінку 2023 года ад Dunlop - мадэль Trailmax Raid.

Dunlop Trailmax Raid
Dunlop Trailmax Raid

Вырабнік пазіцыянуе яе як шыну 40% асфальт і 60% бездарожжа. Водгукаў няшмат, але яны даволі пазітыўныя: так, шумная на асфальце, але выдатна трымаецца на мокрым і сухім асфальце, вельмі добрая на бездарожжы, адносна зносаўстойлівая. Я не знайшоў шмат негатыўных водгукаў(можа канешне яшчэ занадта рана іх шукаць :).

Але мне, шчыра кажучы, вельмі спадабаўся рысунак пратэктара гэтых шын. І я вырашыў зарызыкаваць і набыць іх.

Першае знаёмства

Замовіў на вядомам інтэрнэт партале па продажы шын у Польшчы - там была самая нізкая цана і досыць хуткая дастаўка.

Dunlop Trailmax Raid
Dunlop Trailmax Raid
Першыя ўражаньні: яны вельмі брутальныя!
Першыя ўражаньні: яны вельмі брутальныя!

Час зьбірацца ў мота-сэрвіс і мяняць! Як заўсёды і новыя і старыя шыны едуць разам на матацыкле :)

Як заўсёды і новыя і старыя шыны едуць разам у сэрвіс на матацыкле
Як заўсёды і новыя і старыя шыны едуць разам у сэрвіс на матацыкле

Апошні позірк на старыя Pirelli, перад тым як яны адправяцца на сьметнік. Задняя шына можа і праехала б з тысячу якую, але я не фанат падыходу ездзіць "пакуль корд не палезе".

Апошні позірк на старыя Pirelli, перад тым як яны адправяцца на сьметнік
Апошні позірк на старыя Pirelli, перад тым як яны адправяцца на сьметнік
Міліметра тры напэўна засталося
Міліметра тры напэўна засталося

Пярэдняя шына мае амаль палову глыбіні пратэктара, але што мне з ёй рабіць? Прадаць яе будзе цяжка(зрабіў рэсёрч), а пакуль я знашу Данлопы яна састарэе. Да таго ж няўпэўнены што я вярнуся да STRаў. Таксама пойдзе на сьметнік.

Пярэдняя шына мае амаль палову глыбіні пратэктара
Пярэдняя шына мае амаль палову глыбіні пратэктара
Ну і вось яны - новыя Dunlopы на матацыкле!
Ну і вось яны - новыя Dunlopы на матацыкле!
Асабліва задняя выглядае проста агонь
Асабліва задняя выглядае проста агонь

Першае ўражаньне: лёгкі афроўд

Канешне, адразу пасля мота-сэрвісу я паехаў на найбліжэйшую афроўдную дарогу, каб праверыць новы набытак. Гэта добра вядомая мне траса, якая пралягае ў асноўным па палях і грунтовых дарогах. Я ездзіў там у розных варунках.

Але зараз было вельмі суха, таму тэст атрымаўся слабым - уся гразь зацьвярдзела, а пясок быў вельмі жорсткі. Нават на STRах вялікіх труднасьцяў такі праезд бы не выклікаў.

IMG 2851

Адзінае што атрымалася знайсьці невялікі адрэзак з пяском і мне падалося што яны значна лепш трымаюцца на траверсах: не ўцякае зад і перад матацыкла трымаў дарогу ўпэўнена.

Перайдзем да мінусаў. На асфальце гэтыя шыны вібруюць: асабліва на пачатку было вельмі некамфортна і дзіўна.

Як і чакалася гэтыя шыны гучныя на асфальце. Вось Pirelli рычалі пачынаючы ад 120км/г, а Dunlop, у адрозьненні ад іх, я б сказаў што менавіта выюць, пры чым пярэдняя больш высока, а задняя нізка - такая міні-сімфонія. Выць яны пачынаюць ад 60км/г і да прыкладна 80км/г. Потым гучнасьць зніжаецца: 100-110км/г можна ехаць без праблемаў, але ад 120 робіцца ўжо некамфортна.

Другі тэст: аўтастрады, асфальт і трошкі гравійных дарог

Наступнага дня мы з сябрам паехалі ў невялікае падарожжа выхаднога дня па Ніжняй Сілезіі. Мы праехалі каля 300км, у асноўным канешне па асфальце, але таксама атрымалася знайсьці цікавыя адрэзкі з грунтоўкамі ды гравійкамі.

Выглядаюць шыны Dunlop шыкоўна, фота @denisrudov
Выглядаюць шыны Dunlop шыкоўна, фота @denisrudov

Язду па аўтастрадзе на гэтых шынах я ацэньваю як задавальняючую. Максімальная хуткасьць якую я развіў на іх была 135км/г. Камфартовая - 110км/г. Тысячу кіламетраў я бы канешне не ехаў на іх, але дастаткова камфортна даехаць да нейкага цікавага места - без праблемаў.

На гравійках і грунтоўках яны трымаюць дарогу вельмі ўпэўнена, адчувальна лепш чым Pirelli.

Трэці тэст: пляц для джымханы

Каб атрымаць поўны сьпектр уражаньняў ад гэтых шын, я паехаў на пляцоўку дзе раней адбываліся трэніроўкі па мотаджымхане і трошкі пакруціўся там.

Васьмёрка едзецца на дзіва добра, шыны добра трымаюць асфальт, але ёсьць вялікае адрозьненьне ў тым як матацыкл кладзецца ў паварот. Кладзецца ён не плынна, а быццам неяк "ступеньчата". Матацыкл на гэтых шынах увогуле заўсёды імкнецца ехаць прамяком і ня хоча паварачваць. Я так зразумеў што гэта з-за профілю шыны. Да гэтага трэба прызвычаіцца.

Да таго ж матацыкл у нахіле быццам "плавае". Наколькі я разумею гэта зноў з-за афроўднага брутальнага пратэктара - гэтыя квадрацікі трымаюць усю вагу матацыкла і канешне яны ня маюць такой стабільнасьці як звычайная шына, якая працуе ўсёй паверхняй.

Вось гэтыя квадрацікі трымаюць усю вагу матацыкла і канешне яны ня маюць такой стабільнасьці як звычайная шына
Вось гэтыя квадрацікі трымаюць усю вагу матацыкла і канешне яны ня маюць такой стабільнасьці як звычайная шына

Але адназначных выснаваў ня будзе. Трэба будзе зрабіць некалькі трэніровак каб больш зразумець як яны сабе паводзяць.

Чацьвёрты тэст: пясок на вайсковым палігоне

Вайсковы палігон гэта ў першую чаргу дробны пясок і вялікая колькасьць пясчаных пад'ёмаў ды спускаў. Спачатку я прабаваў катацца на звычайным ціску(2.5/2.9 атмасфер перад/зад), было няблага, але шыны правальваліся ў пясок з-за малай паверхні кантакту і вялікай вагі.

Спусьціўшы па 1 атмасферы з кожнага кола, матацыкл стаў паводзіць сабе значна лепш. Я спачатку баяўся і паступова ўскладняў задачы. Але сконьчылася на тым што нават зацяжкавыя пад'ёмы, на якія я раньше нават не глядзеў, я праехаў без праблемаў. Шыны капаюць пясок як адзін вядомы трактар XD Галоўнае толькі трымаць хуткасьць і не даваць запаволіцца матацыклу.

Але нават калі затрымаешся ў пяску, больш газу і ён ЕДЗЕ. Я быў пад моцным уражаньнем - быццам адкрыліся новыя гарызонты. Я напэўна яшчэ вярнуся сюды, каб працягнуць гэты эксперымэнт.

Але праз гадзінку такіх пакатушак, не заўважыўшы як я моцна стаміўся, я эпічна ўехаў па зацяжкаваму пад'ёму, заглох і ўпаў :D

Стаміўся, заглох і ўпаў
Стаміўся, заглох і ўпаў

Дзякуючы мацоўні і майму трэнеру, я даў рады падняць матацыкл з даволі непрыемнага месца: перад быў на горцы, а зад застаўся ўнізе. Але гэта ўжо быў выразны сігнал што ўсё, файрант, на сёньня хопіць.

Ад пясочнага тэсту ў мяне самыя пазытыўныя ўражаньні.

На гэтым я хацеў бы сконьчыць свой расказ. Тэст шынаў працягваецца, але гэта будзе ўжо іншая гісторыя.

Дзякуй што дачыталі да канца!

© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2025