← назад

Абуральнае нядбальства

сакавік 14, 2023

Добры дзень, шаноўнае спадарства!

Учора ў польскіх мотасуполках масава распаўсюджвалася адна гісторыя, якую я палічыў вельмі жахлівай і цікавай адначасова. Мне вельмі прыкра што галоўны герой гэтай гісторыі перажыў такое, але лічу што трэба распаўсюджваць такую інфармацыю ўсялякімі спосабамі, бо толькі так можна нешта зьмяніць.

Скрын арыгінальнага паста будзе ў канцы, для тых хто ведае польскую. Ніжэй прадстаўляю вам мой вольны пераклад і некаторыя думкі на гэтую тэму апасля.

Гісторыя пачалася даволі банальна з таго што ў хлопца скралі мот у верасьні 2022 года. Скралі Ямаху YBR, проста з паркінгу з-пад жылога будынку, нягледзячы на камеры відэаназіраньня. Уладальнік, не знайшоўшы мота, увечары пайшоў на камісарыят паліцыі каб заведаміць аб крадзежы. У паліцыі, пасля 5 гадзін чаканьня, у яго прынялі заяву і адпусьцілі дамоў. Звычайная гісторыя.

Ішлі дні, тыдні і месяцы ў чаканьні хоць якой-небудзь інфармацыі па ягонай справе. Але нават праз 4 месяцы пацярпелы не атрымаў нічога, нават дакументаў, якія бы пацьвердзілі крадзеж. Ні-чо-га.

4 месяцы з моманту крадзежы, 12 студзеня 2023 года

Вось тут пачынаецца самае цікавае. Амаль згубіўшы надзею, пацярпелы выпадкова знаходзіць свой мот...на адным з мясцовых сайтаў-барахолак. Ён упэўнены на 100 адсоткаў што гэта ягоны мот па пэўных характэрных рысах. Дарэчы ў аб'яве вельмі падазрона напісана, што мот без магчымасьці перарэгістрацыі(!).

Скрын аб'яўленьня ў мясцовай барахолцы
Скрын аб'яўленьня ў мясцовай барахолцы, фота зверху справа - да крадзежы

Ён пайшоў ізноў на камісарыят, каб паведаміць паліцыі пра сваю знаходку і нечакана высвятляецца, што ягоная справа - зачыненая, праз адсутнасць якіх-небудзь слядоў на канцы года. Дадаткова высвятлілася, што ніхто нават не глядзеў запісы відэаназіраньня(у Польшчы гэта можа зрабіць толькі паліцыя - прым. аўт.) з паркінгу, а паліцыянт, які вёў гэтую справу, звольніўся. Да таго ж, звольніўшыся, ён не перадаў справу нікому іншаму. Цудоўна! Але гэта яшчэ не канец...

Пасля паўторнага давання паказанняў, пацярпелы з распіскай быў адпраўлены дамоў чакаць дзеяньняў паліцыі, бо быў ужо вечар чацьвярга.

Пятніца, 13 студзеня

У пятніцу ён даведваецца што ягонай справай паліцыя займецца толькі ў аўторак(17 студзеня). 5 дзён, Карл! 5 дзён, калі скрадзёная рэч ужо выстаўлена на продаж.

Далей - лепей, бо паслязаўтра высвятляецца што паліцыя займецца справай не ў гэты аўторак, а яшчэ праз тыдзень, бо няма каму гэтай справай займацца. У гэты момант пацярпелы відавочна страціў цярпеньне і вырашыў узяць справу ў свае рукі, паехаўшы па аб'яве пад відам пакупніка.

Наступная субота.

Прыехаўшы за 100км на агледзіны, ён пераканаўся што меў рацыю - гэта быў яго матацыкл, які меў спілаваны нумар рамы, заменены замок запальваньня і іншыя дробныя пашкоджаньні. Была выклікана мясцовая паліцыя, дадзеныя паказаньні, і ў гэты момант, калі ўсё ўжо выглядае настолькі відавочна паліцыя зноў падрыхтавала сюрпрыз, заставіўшы на захоўванне скрадзены матацыкл... пану які спрабаваў яго прадаць...

24 лютага. Матацыкл зноў выставлены на продаж праз гэтага самага чалавека, пад тым самым адрасам, але ўжо з дакументамі(напэўна ўзялі раму ад донара - прым. аўт.). Файнае захаваньне ўлікі, што тут казаць.

12 сакавіка. Ні ў камісарыяце, ні ў пракуратуры нічога не гавораць па справе. Больш таго, паліцыянт, прызначаны на гэтую справу, ня ведаў што ён вядзе гэтую справу пакуль пацярпелы проста яго не запытаў... Проста фантастычная бяздзейнасць!

14 сакавіка.

Галоўны герой вырашыў абвясьціць гэтую гісторыю публічна, бо гэта адзінае што засталося ў гэтай справе. Гісторыю падхапілі розныя медыя, спадзяюся гэта дапаможа пракруціць бюракратычную машыну. Я абавязкова дадам нешта тут, калі нешта даведаюся.

Пасляслоўе

Гісторыя ГГ яшчэ ня скончылася, але здаецца яна ўжо ня скончыцца пазітыўна па прычынах, незалежных ад ГГ. Ён - крамень і зрабіў здаецца усё ад няго залежнае і нават больш.

Акрамя базавых метадаў знерухомленьня матацыкла як замкі і розныя хітрыя локеры з цэпамі - абавязкова страхуйце свае моты/аўта ад крадзежы. Так, ніхто вам не кампенсуе 100% коштаў, але нават частковая кампенсацыя - гэта адзінае што аблегчыць вам страту вашага любімага жалезнага сябра. Магчыма, страхавая кампанія неяк "прастымулюе" расследаваньне - усё ж ёй у канцы канцоў прыйдзецца плаціць калі мот не знойдзецца. Але верагоднасць яго знаходжаньня нажаль - каля наля, і нават калі вы яго знойдзеце самі, як бачыце, гэта нічога ня значыць.

Што да паліцыі - гэта цяжкая праца, якае вымагае пэўных навыкаў і ведаў. А цяпер паглядзіце на іхнія заробкі і вам усё стане зразумела, чаму там няма каму працаваць.

Беражыце сябе і сваіх жалезных каней.

Скрын арыгінальнага паста ў ФБ на польскай мове:

Скрын арыгінальнага паста ў ФБ
Скрын арыгінальнага паста ў ФБ
© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2025