Як крадуць матацыклы ў Ліёне
люты 6, 2024Добры дзень, шаноўнае спадарства!
Ня змог мінуць чарговае жахлівае відэа як крадуць матацыклы.
Гэтым разам падзеі адбываюцца ў французскім Ліёне. Зладзеі крадуць па-хамску, проста пасярод белага дня. Паглядзіце самі:
Як крадуць матацыклы ў Ліёне
Я пераглядаў відэа некалькі разоў, бо спачатку ўвогуле не зразумеў - а дзе тут крадзеж? Выглядала быццам БМВ едзе, а скутэр хоча яго падрэзаць ці штосьці ў гэтым духу.
Але пасля я звярнуў увагу на ногу кіроўцы скутэра: ён проста пхае БМВ, які каціцца па інэрцыі - яны відавочна не змаглі ці нават не спрабавалі яго завесьці. Калі так - гэта азначае што ўся акцыя цалкам была здзейсненая вельмі хутка.
Смутнае відовішча.
Якія можна зрабіць выснавы?
- неабязрушаны матацыкл можна спрытна каціць пры адпаведных навыках як на відэа
- на сігналізацыю, якая вішчыць на ўсю мошч, амаль ніхто не звяртае ўвагі, зусім, нават на люднай вуліцы
- зладзеі нікога і нічога не баяцца: так, яны трапілі на відэа, але сумняваюся што іх можна распазнаць у шлемах ды масках
Нажаль я ня ведаю канцоўкі гэтай гісторыі, але здаецца што сконьчылася яна ня вельмі добра.
Я даўно ўжо выношваю ідэю купіць дадатковы замок на задні тармазны дыск. Пярэдні замок у мяне ёсць, але ён занадта адкрыты і лёгкадаступны каб яго зламаць, як гэта робяць у Лёндане напрыклад. А вось да задняга будзе вельмі нязручна далезьці.
Трэба заняцца гэтым пытаньнем.
Беражыце свае матацыклы!