Кітайскія люстэркі ADV
лістапад 5, 2024Вітаю шаноўнае спадарства!
Сёньня распавяду пра свой досьвед усталяваньня і выкарыстаньня кітайскіх ADV люстэркаў з аліэкспрэсу. У гэтым годзе я ўсё часьцей з'язджаў з асфальту і аднойчы, пабачыўшы ў кагосьці такія складныя люстэркі на матацыкле, задумаўся што гэта крутая ідэя і варта было б мець такія на сваім матацыкле.
Пошук
Спачатку я шукаў люстэркі такога тыпу на розных брэндавых аксэсуарах - там я канешне моцна афігеў ад цэннікаў, якія стартавалі ад 250 еўра. Сконьчыліся мае пошукі на аліэкспрэсе, дзе кошт такіх люстэрак разам з дадатковымі мацаваньнямі і перахаднікамі быў вельмі дэмакратычны - 30 еўра і гэта з дастаўкай кур'ерам проста да дому!
Водгукі на гэтых кітайчыкаў былі вельмі станоўчыя, трэба браць!
Прыехалі вельмі хутка, вельмі добра запакаваныя. Вось так выглядалі ў рэчаіснасьці, вельмі дабротна на першы погляд:
Плястык мацаваньня выглядае вельмі дабротна, усё круціцца вельмі мякка і прыемна. Танна выглядае толькі корпус самаго люстэрка.
Вядома што кітайцы проста скралі чыюсьці канструкцыю, дый робяць іх за міску рысу ў падвале - таму і такі кошт. Варта адзначыць што я ад пачатку не ашукваў сябе наконт якасьці. Таму гэтая пакупка для мяне хутчэй спроба праверыць канцэпт і канструкцыю і, калі спадабаецца, купіць ужо нейкія фірмовыя.
Канструкцыя арыгінальных люстэркаў
Перад усталяваньнем кітайчыкаў спачатку паглядзім на канструкцыю арыгінальных люстэркаў: арыгінальны нумар 51 16 8 567 447 для левага ці 51 16 7 715 862 для правага.
Тут усё даволі звычайна: само люстэрка простае - без аніякіх пукатасьцяў, з рэгуляцыяй на паўсферы, на жорсткай металёвай назе.
Паўсферу можна шмараваць праз маленькую адтуліну ўнізе сіліконам ці WD-40. Раю раз на нейкі час так рабіць і тады рэгуліроўка будзе працаваць мякка і камфартова.
Люстэрка прыкручваецца да руля праз перахаднік з левай разьбой.
Чаму праз перахаднік? Думаю што каб больш зручна было заціскаць, да таго ж левая разьба каб люстэрка не білася, а раскручвалася падчас падзеньня - прынамсі ёсьць такі шанец.
Галоўны мінус гэтых люстэркаў акрамя коштаў гэта іх малы памер паверхні і адпаведна не найлепшую відочнасьць праз іх.
З плюсаў: з-за жорсткай нагі амаль адсутнічаюць вібрацыі, ну і маё ўлюбленае - можна зручна вешаць шлем :)
Канструкцыя і мантаж кітайскіх
Расчараваньне пачалося адразу ад спробы паглядзець на якасьць кітайскіх перахаднікоў.
Разьбы амаль няма, метал мяккі, ніхто нават не пачысьціў металёвую стружку, якая засталася пасля наразаньня разьбы.
З перахаднікамі ўсё аказалася не так проста: хаця гэта і ўніверсальныя люстэркі, але відавочна не пад усе матацыклы - ў BMW апынуліся завялікія адтуліны і не тая разьба.
Таму прыйшлося выкарыстоўваць кітайскія перахаднікі + перахаднікі BMW. Выглядае жудасна канешне:
Аказалася што з 5 кітайскіх перахаднікоў, не хапае другога з левай разьбой. Фініш.
Замаўленьне дадатковага перахадніка
Але хітрыя кітайцы перадбачылі такой варыянт падзеяў і прадаюць якія заўгодна перахаднікі. Пад адтуліны BMW я не знайшоў, але заказаў дакладна такога як мне не хапала пад левую разьбу. Пачакаўшы два тыдні я зноў паспрабаваў замантаваць мае кітайскія люстэркі.
Тым разам нарэшце атрымалася замантаваць для абедзьвюх старон :D
Досьвед выкарыстаньня
Я праездзіў з гэтымі люстэркамі каля 4 месяцаў у розных варунках.
Галоўныя плюсы:
- можна адрэгуляваць як заўгодна, вельмі эластычная канструкцыя
- можна хутка скласьці падчас язды па бездарожжы і не баяцца разбіць, а потым хутка вярнуць
- калі і разаб'юцца - іх кошт у разы ніжэй за кошт арыгінальных
- лепшая відочнасьць з-за большага размеру ў параўнаньні да штатных
Адзіны з галоўных мінусаў, які паставіў крыж на выкарыстаньні гэтых люстэрак гэта дрыгаценьне ад ветру ці вібрацый рухавіка. На аўтастрадзе, асабліва ў ветранае надвор'е, нават пасля 100км/г у іх амаль нічога не ўглядзець - прыходзілася прытрымліваць рукой каб стабілізаваць і паглядзець. Мне падалося што гэта праз вельмі танны плястык самога корпусу люстэрка, але дакладна цяжка сказаць.
Параўнайце самі, і гэта на халастым ходзе:
Дрыгаценьне кітайца
Арыгінальнае люстэрка
Другі моцны мінус датычыцца ўсё той жа язды с вялікімі хуткасьцямі: іх трэба моцна заціскаць, каб яны не складаліся ад ветру. Апошняй кропляй стала сітуацыя калі люстэрка склалася падчас абгону ў шчыльным руху на аўтастрадзе пры хуткасьці 140км/г. Я хоць і моцна яго заціснуў, але недастаткова. Быў яшчэ запас, але я пабаяўся што яно не вытрымае такога заціску.
Таксама было вельмі нязручна што на іх нельга павесіць шлем: аказалася што варыянтаў за што яго можна зачапіць на матацыкле зусім і няма.
Ну і апошні цьвік гэта колькасьць і якасьць перахаднікоў. Нават калі б мне ўсё спадабалася, я мусіў бы шукаць нейкага такара каб зрабіць якасныя перахаднікі. У тым выглядзе як яны прымацаваныя зараз - гэта жах.
Падсумаваньне
На маю думку, сама канструкцыя нядрэнная, але яна кепска дае рады з моцным ветрам на вялікіх хуткасьцях. Такія люстэркі падыйдуць таму хто ездзіць толькі ў афроўдзе, альбо ездзіць з невялікімі хуткасьцямі(да 100км/г).
Ёсьць канешне пытаньні як будзе сябе адчуваць плястык на сферах дзе адбываецца заціск - за 4 месяцы там з'явіліся невялічкія працісканьні. Але калі ня трэба пастаянна зьменьваць іх пазіцыю, а напрыклад раз усталяваць і карыстацца - ня бачу праблемаў.
Гэта быў цікавы эксперымент, які даў мне шмат інфармацыі на падумаць. Кітайчыкі знайшлі новага ўладальніка на барахолцы, а я пакуль што вярнуўся да арыгнальных.
Дзякуй што дачыталі да канца.