Loud pipes do not save lives
красавік 10, 2023Вітаю, шаноўнае спадарства!
Напэўна кожны матацыкліст хоць раз у жыцці спатыкаўся з слоганам "Loud Pipes Save Lives", які ў перакладзе з ангельскай азначае - "Гучныя трубы ратуюць жыцці". Мушу прызнацца я і сам у гэта верыў, яшчэ задоўга як пачуў гэты слоган, хоць і выхлап маіх матацыклаў быў заўсёды даволі ціхі - я заўсёды сьціпла ездзіў на стокавым глушыцелях(ў мяне проста не было лішніх грошай, кек).
Гэта падаецца вельмі натуральным: па-першае - проста крута мець гучны матацыкл. Праўда? Па-другое, матацыкл - вельмі небяспечны транспартны сродак, трэба сябе пазначыць на дарозе ўсімі даступнымі сродкамі. Чым гучнейшы будзе матацыкл - тым больш здалёк яго будзе чуваць і ўсе іншыя ўдзельнікі дарожнага руху будуць звяртаць увагу.
Але гэта самая сапраўдная аблуда!
Вось у 2020 годзе румынскі дэпартамент дарожнага транспарту сумесна з палітэхнічным унівесітэтам Бухарэста зрабілі эксперымент. Удзельнічала 6 розных тыпаў матацыклаў з рознай гучнасьцью. Адзін мікрафон быў змешчаны ў тэставай машыне на месцы кіроўцы, другі на тэставым матацыкле. Матацыклы ставіліся на рознай адлегласьці ад машыны і рабіліся замеры гучнасьці. Асобна быў праведзены дадатковы тэст, калі ў машыне грае музыка. Ня буду тут апісваць увесь эксперымент, раю паглядзець пад гэтай спасылкай. Там усяго 6 хвілін на ангельскай, але па графіках будзе ўсё зразумела.
Коратка несуцяшальныя выснавы:
- кіроўца ня можа пачуць матацыкл, які знаходзіцца больш за 10 метраў ад машыны.
- 10 метраў - гэта адлегласьць якую праязджае матацыкл на хуткасьці 50км/г за 1 секунду
- нават калі кіроўца і пачуе матацыкл, ён мае замала часу на бяспечную рэакцыю і прыняцьце рашэння, таму хутчэй за ўсё ягоная рэакцыя будзе мала прадказальная, што нясе яшчэ большую небясьпеку
- каб павялічыць адлегласць бясьпекі, з якой кіроўца будзе чуць матацыкл да 15 метраў - матацыкл мусіў бы мець гучнасьць каля 135dB(гэта напрыклад гучнасць сірэны хуткай дапамогі)
Гучны выхлап дае фальшывае адчуццё бяспекі і моцна раздражняе ўсіх навокал, нават мяне, нягледзячы на тое што я люблю матацыклы і сам езжу на іх. Я моцна адчуў гэта на сваёй скуры калі жыў у старым раёне Ўроцлава, дзе было моцнае рэха і дзе ўлетку немагчыма жыць без адкрытых вокнаў. Дык вось нават мая мота-салідарнасць сконьчылася даволі хутка, калі пад вокнамі па 100 раз на дзень праляталі гучныя матацыклы. І гэта была яшчэ ня вельмі бойкая вуліца. Цяжка ўявіць што адчуваюць жыхары прашпектаў.
Адна справа гэта калі ты прыязджаеш на байк-злёт, які праходзіць на асобнай тэрыторыі, дзе ўсе людзі ведаюць навошта яны сюда прыязджаюць і што іх там чакае. Другая справа калі нехта з прастатокам замяст глушыцеля лятае сваім матацыклам паміж жылых дамоў з гукам нізкаляцяшчага рэактыўнага самалёта(і найчасьцей увечары ці ноччу).
Дарэчы, па маіх назіраньнях, асабліва любяць інсталяваць на свае матацыклы гучныя выхлапы матацыклісты якія... увогуле не выязджаюць па-за мяжу горада. І мне здаецца я разумею чаму яны не выязджаюць, бо я ўвогуле не ўяўляю сябе як можна праехаць 200-300-600 кіламетраў з такім гукам - у мяне б ужо выцек мозг праз вушы. Нядаўна я вось даведаўся што існуюць спецыяльныя затычкі ў вушы для матацыклістаў - гэта ўжо ўвогуле нейкая абстракцыя.
UPD: даведаўся ад дасведчаных людзей, што затычкі гэта больш для таго, каб берагчы вушы ад шуму ветру падчас працяглых паездак
Але навошта ўсё гэта? Пацешыць сябе і сваё пачуццё ўласнай істотнасці? Матацыкл і так па сваёй канструкцыі больш гучнейшы за аўтамабіль: рухавік знаходзіцца навідавоку, даўжыня глушыцеля значна меншая.
Нажаль расплочвацца за падвышаную шумнасць даводзіцца ўсім матацыклістам. Вось вам некаторыя прыклады наступстваў:
- у Горадні матацыклам забаронены рух у цэнтры горада
- у Мінску з 2022 забаронены рух для матацыклаў па прашпекце Незалежнасьці
- у Італіі зрабілі абмежаваньні хуткасьці да 60км/г на некаторых горных трасах выключна для матацыклаў з-за шумавога забруджання.
- у Гішпаніі мясцовыя жыхары дамагліся забароны ўезду матацыклам ў нацыянальны парк "Высокія Пірэнеі"
Упэўнены, што такіх абмежаваньняў значна больш, гэта толькі тыя, пра якія я чуў.
Дыскрымінацыя? Так. Але нажаль колькасьць пакрыўджаных грамадзян ніколі ня будзе эквівалентна колькасьці дыскрымінаваных матацыклістаў.
Што з гэтым рабіць? Павышаць свядомасьць матацыклістаў і ўзаемную павагу да ўсіх, хто знаходзіцца навокал, тлумачыць наступствы і тое, што гэта ўжо проста ня модна прычыняць дыскамфорт усім навокал(улічваючы сваіх мота-братоў).
Калі хочаце павысіць сваю бясьпеку на дарозе - ёсьць шмат спосабаў як гэта зрабіць:
- можна ездзіць з улучаным блізкім святлом фары(калі вы не ў Еўропе, дзе гэта і так абавязак)
- можна ездзіць з улучанымі супрацьтуманнымі фарамі: гэта не зусім па-закону, але матацыклетная супрацьтуманкі не слепяць сустрэчных кіроўцаў удзень. Дакладна ў Польшчы паліцыя спакойна ставіцца да гэтага.
- можна апрануць камізэльку кіслотнага колеру(у некаторых краінах матацыклісты ўвогуле абавязаны ездзіць у ёй весь час)
Для тых хто ўсё ж такі ня можа жыць без гучнага выхлапа ёсьць таксама кампрамісныя рашэньні ў выглядзе так званых db-кілераў - уставак у глушыцель якімі можна зьмяняць гучнасць. Можна напрыклад перад паездкай на злёт "падкруціць" гук каб мота-бро не засьмяялі, а на штодзень уставіць нешта пацішэй.
Ну а калі ня хочацца затлумлівацца нейкімі складанымі глушыцелямі можна ж проста ездзіць спакойна ў жылых зонах, без штохвіліннай праверкі адсечкі рухавіка, без перагазовак.
Вельмі не хацелася каб абмежаваньняў для матацыклаў з'яўлялася больш. Шануйце адзін аднаго!
Дзякуй што дачыталі да канца.
З задавальненьнем пачытаю вашыя думкі на гэтую тэму ў каментарах.