← назад

Маё першае спаборніцтва па мотаджымхане

верасень 6, 2023

Вітаю!

Сёньня хацеў бы падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад першага ў маім жыцьці спаборніцтва па мотаджымхане. Узяць удзел у спаборніцтвах мяне натхніла наша ўроцлаўская мотасуполка. Я, шчыра кажучы, лічыў што яшчэ не зусім гатовы. Таму паставіў сабе мэту - проста паглядзець як гэта выглядае ў рэчаіснасьці, паспрабаваць сябе ну і праехаць трасу ад пачатку да канца.

Было вырашана ехаць на сваіх колах. Нядзеля, прачнуўся каля 5 раніцы. Да Явожна каля 2 гадзін язды, а 9 трэба быць на месцы - пачынаецца рэгістрацыя ўдзельнікаў. Таму а 6 раніцы мы з калегам спатыкаемся на адной з уроцлаўскіх заправак і вырушаем на аўтастраду ў кірунку Кракава.

На А4 парадавала адсутнасьць руху і цеплы вецер - было вельмі прыемна ехаць. Каля гары святой Анны былі вельмі швейцарскія пейзажы - зялёная трава, мгла якая спаўзае з гары і сцелецца па нізінах. Вельмі прыгожа. Шкада што спяшаліся і не было часу спыніцца і пафоткацца :(

Невялікую частку сэканомленага часу мы вырашылі патраціць на каву з канапкай ў прыдарожным макдональдзе.

Перапынак на каву
Перапынак на каву

А 9 раніцы мы прыехалі на месца з вось такімі каларытнымі відокамі на градзірні мясцовай ЦЭЦ:

Каларытныя відокі на ЦЭЦ
Каларытныя відокі на ЦЭЦ

Рэшта нашай уроцлаўскай дэлегацыі прыхала машынай з матацыклам на прычэпе: калі ты ўжо ў сярэдней лізе - там няма што рабіць на фабрычным матацыкле. Таму часьцей за ўсё такія матацыклы ездзяць альбо на прычэпе альбо ў бусе.

Матацыкл чэмпіёна - чэха Ondřeja „Krupič” Kroupa
Матацыкл чэмпіёна - чэха Ondřeja „Krupič” Kroupa
Нашая ўроцлаўская дэлегацыя
Нашая ўроцлаўская дэлегацыя
Я
Я

Зарэгістраваліся, атрымалі камізэлькі з нумарамі, і пайшлі рыхтавацца да GP8 ці па прастому - васьмёрак. Кожны ўдзельнік мае 2 спробы праезду як васьмёрак, так і галоўнай трасы. Хто праязджае найхутчэй васьмёркі - стартуе галоўную трасу апошнім і наадварот.

Перад васьмёркамі зрабілі невялічкую размінку. Я вельмі хваляваўся, мне здавалася што я ўсё забыў і ў мяне нічога не атрымліваецца. Але вырашыў што ў маім выпадку мне ўсё роўна якім нумарам я буду стартаваць, таму я проста пайшоў і праехаў як умеў.

Але дарэмна. Мае вынікі аказаліся лепшымі чым на трэніроўках дагэтуль:

  1. 00:41,185
  2. 00:40,224 - асабісты рэкорд на гэты момант!

Найлепшы час у лізе аматараў быў у полькі - 00:33,241, а ў лізе про ў паляка - 00:28,350. Як бачыце, узровень падрыхтаванасьці ўдзельнікаў вельмі высокі.

Пасля таго як усе сконьчылі GP8, мы атрымалі папяровыя мапы трасы і пачалі хадзіць яе вывучаць. Траса была ня вельмі складаная, але з нюансамі.

Ходзім вывучаем трасу
Ходзім вывучаем трасу
Траса
Траса

Вось тут было ўжо страшна. Мае асабістыя страхі: забыць паслядоўнасьць праезду перашкод, пагубіцца альбо няправільна праехаць нейкую перашкоду. Вельмі хваляваўся.

Перад стартам
Перад стартам

Чаго баяўся то і здарылася :) Праехаўшы 80% трасы добра я заблытаўся ў колькасьцях праездаў вокал перадапошняй перашкоды-фасолькі і пайшоў на непатрэбны дадатковы круг. Суддзі пачалі мне махаць і я... падумаў што яны мне так паказваюць што ўсё - фініта. Я разгубіўся і проста з'ехаў с трасы, атрымаўшы дыскваліфікацыю.

Якое ж было маё здзіўленьне калі я потым даведаўся што мне махалі каб я вярнуўся на пачатак перашкоды і праехаў яе правільна! Так ці інакш - можна было прынамсі апошнюю перашкоду паспрабаваць... Але я не зрабіў гэтага, разгубіўся і вельмі раззлаваўся.

Ну добра, будзе яшчэ другая спроба. Хваляваўся... Нават не помню калі апошні раз так хваляваўся, хіба што на нейкім суразмоўі. Мой самы галоўны і любімы заўзятар суцяшаў мяне як мог.

Мой самы галоўны заўзятар
Мой самы галоўны заўзятар

Але другім разам ўсё атрымалася. Я дрэнна памятаю сам праезд, але памятаю што намагаўся ціснуць як мага хутчэй і не памыліцца пры гэтым.

Відэа майго праезда

Мой вынік: 01:59,055 і 35 месца з 41 удзельнікаў у агульным заліку альбо 15 месца з 20 ў лізе аматараў. Агульная статыстыка такая: найлепшы час - 01:20,363 у лізе про, 01:35,612 у аматараў.

Добры мой вынік ці дрэнны? Залежыць ад мэты. Мая мэта была простая - сконьчыць трасу і я яе дасягнуў :) Мне вельмі спадабалася атмасфера гэтага мерапрыемства - было вельмі файна і па-сяброўску.

Кубкі
Кубкі
Сумеснае фота ўсіх удзельнікаў
Сумеснае фота ўсіх удзельнікаў

Канешне, каб дасягнуць высокіх вынікаў трэба шмат працаваць(і зьмяніць мот). Узровень лігі про выглядае ўвогуле недасягальным, але я цвёрда перакананы што няма нічога немагчымага. Пытаньне ці патрэбна лі гэта мне? Я не ведаю.

Сезон 2023 сконьчаны. А што будзе ў сезоне 2024 мы даведаемся за паўгода.

Дзякуй што дачыталі да канца!

© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2025