← назад

Маё знаёмства з мотаджымханай

ліпень 22, 2023

Перадгісторыя.

Нейкі час таму я атрымаў падарунак - ваўчэр на занятак з мотаінструктарам. Я заўсёды лічыў што езжу даволі няблага - столькі ж гадоў катаюся на двух колах! Сам я напэўна бы не пайшоў у моташколу, а тут вось было нязручна не выкарыстаць падарунак ад маёй каханай жанчыны.

Маім інструктарам быў малады хлопец, мясцовы тытулаваны джымханіст. Мы пачалі з асноў - пазіцыі на матацыкле і розных наладаў. Я ў першы год язды на БМВ вопытным шляхам наладзіў пад сябе стырно ды сядло і мне выдавалася што ўсё - вось яна ідэальная пазіцыя. Але вопытнае вока заўважыла што ў мяне трохі не пад мяне адрэгуляваны рычаг пераключэння перадач, рычаг счаплення ды яшчэ некаторыя дробязі. Дробязі, але забягаючы ўперад магу сказаць што паправіўшы іх я адчуваю што язда зрабілася яшчэ больш камфартовая(асабліва ў месце, калі часта трэба карыстацца).

Потым мы перайшлі да розных элементаў на аўтадроме, я паказаў як я ўмею ездзіць, а ён у сваю чаргу паказаў мне што я раблю кепска.

Перайшлі на васьмёрку. Я дарэчы заўсёды лічыў што васьмёркі - гэта для маленькіх матацыклаў а-ля Мінск, бо на вялікіх яе немагчыма зрабіць з-за габарытаў матацыкла. Ох як жа ж я памыляўся :) Спачатку ён паказаў на маім БМВ як лёгка, нягледзячы на свае размеры, круціцца ў васьмёрцы. Ну а праз хвілін 40 я ўжо сам у гэтым пераканаўся - Гусак насамрэч змяшчаецца ў экзаменацыйную васьмёрку.

Пад канец нашага занятку ён прарэкламяваў мне заняткі з мотаджымханы ў гэтай моташколе. І я зацікавіўся. Мяне ўразіла як нават некалькігадзінны занятак зьмяніў мой погляд на некаторыя навыкі кіраваньня і наколькі ён пашырыў гарызонты ведаў. Паглядзеўшы як спрытна ён кіруе маім Гусаком, я зразумеў што мне ёсьць шмат чаму павучыцца.

Праўда ў тым, што ніхто мяне не вучыў як ездзіць правільна. Перасеўшы з ровара на мапед я катаўся па прынцыпу "не разбіўся - значыць раблю добра". У моташколе ў свой час я неяк праехаў інтуіцыйна васьмёрку з першага раза і ўсе пазасталыя элементы да і ўсё. Таму было вырашана працягваць і паглядзець што з гэтага атрымаецца.

Ну а цяпер да самой гісторыі.

На пачатку чэрвеня ў мясцовай мота-суполцы я выпадкова заўважыў аб'яўленьне што невялічкая група энтузіястаў-джымханістаў арганізоўвае трэніроўкі для ўсіх жадаючых. Гэта быў знак што трэба далучацца! Усё адно апошнія два месяцы з-за некаторых асабістых абставін ўсё ніяк не атрымліваецца з падарожжамі(завёў блог пра падарожжы!). Што з гэтага атрымалася - глядзіце на відэа:

Відэа трэніроўкі

Канешне не абышлося бяз пэўных складанасьцей: Польшча - гэта прававая краіна і ў ёй кожны кавалак зямлі чыясьці ўласнасць. Паркоўка шопінг-мола - гэта прыватная тэрыторыя і тэарэтычна без згоды ўладальніка так рабіць незаконна, нават у негандлёвую нядзелю калі яна стаіць пустая. Але ўсё(гэтым разам) сконьчылася пазітыўна.

4 гадзіны язды вакол конусаў і я быў выціснуты як лімон. Але мне зноў вельмі спадабалася. Дасягненьні хоць і не былі вялікія, але я зразумеў што замала выкарыстоўваю патэнцыял свайго матацыкла і свой у якасьці кіроўцы. Трэба працягваць.

Наступны занятак паказаў што некаторыя навыкі добра адклаліся ў галаве. Але канешне ёсьць шмат над чым працаваць. Невялічкае відэа і фоткі:

Наступны занятак паказаў што некаторыя навыкі добра адклаліся ў галаве

Васьмёрка
Васьмёрка
Слалам
Слалам

Акрамя паляпшэньня сваіх навыкаў, на гэтых сустрэчах атрымліваюцца клёвыя фоткі для сацсетак - праўда? :D

Але што ж такое гэтая мотаджымхана?

Мотаджымхана - гэта гатунак мота-спорту ў якім удзельнікі спаборнічаюць на самае хуткае манеўраваньне на спецыяльна вызначанай трасе з конусаў. То бок проста сама язда паміж конусаў - гэта не зусім джымхана, хутчэй падрыхтоўка ды адпрацаваньне навыкаў.

Каб паспрабаваць cапраўдную трасу мотаджымханы я пайшоў да таго самага інструктара з перадгісторыі. Заняткі адбываюцца раз на некалькі тыдняў - легальна, на аўтадроме, дзе з конусаў раскладваецца цэлая трэнавальная траса як на спаборніцтвах. Галоўнае адрозьненьне ад рэальнага спорту - на спаборніцтвах ты атрымліваеш мапу за поўгадзіны перад стартам, якую ты павінен вывучыць, а праехацца можна толькі раз у рамках самаго спаборніцтва. Тут ты проста ездзеш і адпрацоўваеш элементы і свае навыкі праз пару гадзін пад інструктарскім вокам.

Інструктар паказвае як трэба ездзіць
Інструктар паказвае як трэба ездзіць
Ну клёвыя ж фоткі атрымліваюцца!
Ну клёвыя ж фоткі атрымліваюцца!

У пэўным моманце пачаў падаць дождж, на што інструктар сказаў што так нават лепей - БУДЗЕ БОЛЬШ ЦІКАВА І БОЛЬШ АДРЭНАЛІНУ.

Пад дажджом
Пад дажджом

Я трошкі хваляваўся за прычэпнасьць маіх афроўдных шынаў падчас дажджу, але парада ад інструктара была пачынаць без моцнага нахіленьня, асьцярожна, і паволі яго павялічваць. Так і зрабіў, праз нейкі час я гэты дождж ужо не заўважаў.

Парная адпрацоўка элементаў
Парная адпрацоўка элементаў

Што тут сказаць: тры гадзіны праляцелі як адно імгненьне. Ня ведаю ці хопіць майго запалу на ўдзел у нейкіх спаборніцтвах, ці сконьчыцца проста трэніроўкамі "для сябе". Час пакажа. Пакуль што спыняцца ня хочацца.

Вядома што гэтыя навыкі непатрэбныя на штодзень на дарогах агульнага карыстаньня, але такія трэніроўкі дазваляюць лепей адчуць свой матацыкл і самога сябе - што можаш, а што не. Мне гэта надае ўпэўненасці. Моцна раю ўсім матацыклістам хоць раз спрабаваць і спадзяюся мне атрымалася хоць крыху натхніць вас.

Дзякуй што дачыталі да канца.

© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2025