← назад

Мой першы тэхагляд на матацыкл у Польшчы

жнівень 5, 2023

Вітаю!

Сёньня будзе кароткая нататка пра мой першы тэхагляд на матацыкл у Польшчы.

Чаму ён першы калі ты катаешся ўжо некалькі(а дакладней тры) гадоў спытаеце вы. А справа ў тым што падыход да тэхагляду ў Польшчы трошкі розніцца ад беларускага.

Новы транспартны сродак атрымлівае тэхагляд на тры гады аўтаматычна пры рэгістрацыі пасля пакупкі і гэта мае сэнс: ТС новы, пахне фабрыкай - што там правяраць? Да таго ж ТС на фабрычнай гарантыі і ўладальнік штогод будзе ездзіць на тэхагляд да афіцыяльнага дылера каб яе не згубіць.

Праз 3 гады пасля першай рэгістрацыі павінен быць зроблены ўжо дзяржаўны тэхагляд - гэта акурат мой выпадак. Пасля гэтага, наступны тэрмін вызначаецца праз 2 гады - ТС усё яшчэ лічыцца "амаль новым і надзейным", і ўжо потым звычайна штогод.

Яшчэ з цікавостак: у пасьведчаньні ТС упісана дата наступнага тэхагляду, але не абавязкова прыязджаць менавіта ў гэты дзень - можна(і трэба) прыехаць да 30 дзён загадзя, дата наступнага агляду будзе год ад упісанай даты, а не даты фактычнага тэхагляду. Я вось гэтага ня ведаў і прыехаў роўна ў дзень які быў упісаны да пасьведчаньня, хоць мне было і ня вельмі зручна.

Тэхагляд каштуе 63 злотых, у маім выпадку ён заняў каля 3 хвілін: хвіліна на візуальны агляд і спісваньне паказаньняў адаметру і дзьве хвіліны на афармленьне дакументаў. Пан сказаў што "матацыкл жа як новы, няма тут што глядзець". Тэарэтычна ён павінен быў праверыць гучнасць - пляцоўка для выканаьня памераў была вызначана побач, але ён паглядзеў што глушыцель фабрычны і ўсё(а можа проста лянотна яму было).

Вось неяк так атрымалася. Ніхто не прасіў разганяцца і тармазіць на вочах сэрвісмэна, каб ён "ацаніў" на вока выдатнасць тармазоў як гэта было ў мяне ў РБ. Ніхто не дакалупваўся да налепак на матацыкле. Адным словам - усё па-людзку і культуральна, няма чаго баяцца.

Можа канешне ў выпадку нейкага ўльтракастама ўсё выглядае інакш - ня ведаю, цяжка мне сказаць.

Дзякуй што дачыталі да канца!

© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2025