Водгук на шыны Pirelli Scorpion Rally STR
люты 17, 2025Вітаю!
Cёньня я хацеў бы падзяліцца сваім досьведам выкарыстаньня шын Pirelli Scorpion Rally STR на матацыкле BMW R1250GS цягам двух апошніх сезонаў.
Перадгісторыя
Ад пачатку на матацыкле я меў тыпова шасэйныя шыны - Bridgestone Battlax Adventure A41, таму параўноўваць буду з імі.

Да гэтых шасэйных шынаў у мяне не было аніякіх прэтэнзій: я праехаў на іх каля 23 тысяч км у вельмі розных варунках, з пасажырам і ўсімі куфрамі, у залевы і ў сьпеку, з рознай хуткасьцю. Пярэдняя шына сьцёрлася амаль у ноль, на задняй яшчэ засталося каля 3-4мм, але канешне надышоў ужо час на зьмену.
Чаму я ўвогуле вырашыў спрабаваць іншыя больш эндурныя шыны? Усё было добра з шасэйнымі, калі не з'язджаць з асфальту. Мне падалося што тыпова шасэйныя шыны абмяжоўваюць выкарыстаньне майго матацыкла: аднойчы у мяне была спроба з'ехаць з асфальту на грунт, я трапіў на пясок і ледзьве выехаў з яго. Навошта тады мне матацыкл тыпу адвэнчэр, калі на ім ездзіць толькі па дарогах?
Выбар шын эндура
Першапачатковая ідэя была набыць універсальныя шыны якія будуць добрыя на кожныя варункі(хех!).
Досьведу ў мота шынах у мяне амаль не было: я ўсё сваё мота-жыцьцё ўжываў савецкія "шашачкі" на сваіх савецкіх матацыклах, як гэта запавядала інструкцыя :D
Але пасля шматлікіх гадзін вывучэньня асартыменту, рэцэнзій ды водгукаў, я прышоў да несуцяшальных выснаваў што такіх універсальных шын проста не і снуе! Такое папросту немагчыма: тая шына, якая будзе добра чапляецца за сухі і мокры асфальт, ніколі не будзе добра капаць пясок ды наадварот, бо да кожнай мэты патрэбны свой рысунак пратэктара. Афроўдная шына будзе заўсёды мець меншую жывучасьць на асфальце чым шасэйка. Ну і апошні цьвік гэта шумнасьць і вібрацыі: з-за спецыфічнага рысунку афроўдныя шыны заўсёды шмат гучнейшыя ад шасэйных і на хуткасьці з'яўляюцца небяспечныя вібрацыі.
Таму, рэальна ацаніўшы свае магчымасьці і чаканьні, ідэя трансфарміравалася ў знайсьці нейкі кампраміс паміж асфальтам і лёгкім бяздарожжам.
Досьвед выкарыстаньня шын Pirelli Scorpion Rally STR
Варыянтаў на рынку даволі шмат: на любы густ і гаманец. Я спыніўся на Pirelli Scorpion Rally STR, якія па водгуках маюць найменшую гучнасьць, неблагую жывучасць і вельмі добрую прычэпнасьць на асфальце, але сярэднія магчымасьці на бяздарожжы.

Агулам, усе выснавы, што я зрабіў па водгуках, спраўдзіліся:
+ шыны вельмі добра трымаюць прычэпнасьць на асфальце. Праверана як на аўтастрадах, так і на невялікіх хуткасьцях на трэніроўках па мотаджымхане:


+ дазваляюць упэўнена ехаць па лёгкаму афроўду напрыклад па гравійных і грунтовых дарогах, нават ў дождж.


+ жывучасць гэтых шын у 10-12к км гэта насамрэч добры вынік. Зразумела што ўсё вельмі індывідуальна, але ў сярэднім гэты паказчык у шын гэтага тыпу больш нізкі.
На бягучы момант я праехаў на гэтых шынах ажно 13 тысяч кіламетраў: пераважна асфальт і аўтастрады, з пасажырам і без, з куфрамі, з'язджаў у лес/палі/грунтоўкі. Пярэдняя шына сьцёрлася прыкладна на палову, задняя ўжо рыхтуецца на сьметнік.


- гучнасьць: пасля 130км/г яны пачынаюць выць. У дождж выюць меньш, у сухое надвор'е - больш. Агулам больш за 140 ехаць нейкі працяглы час ужо неўтульна і непрыемна. Пасля 160 ужо ўвогуле страшна, бо здаецца што яны неяк неўпэўнена трымаюць дарогу.
Ёсьць яшчэ нейкая хуткасьць, прыкладна каля 70 км/г, дзе яны быццам уваходзяць у рэзананс і таксама непрыемна рычаць. Можна да гэтага прызвычаіцца, але ў параўнаньні да шасэйных - яны гучныя. Шасэйкі я ўвогуле ня чуў, нават на хуткасьцях 160км/г.
У абарону Pirelli скажу што для гэтага тыпу шын - яны па водгуках самыя ціхія ў клясе. Майце на ўвазе.
- шыны не падыходзяць для балота і слізкага бруду - з-за спецыфічнага узору пратэктара папярэчная ўстойлівасьць вельмі слабая. Некалькі разоў гэта сконьчылася для мяне вось так, добра што без наступстваў:

Тое самае тычыцца язды па мокрай траве і траверсах - вельмі лёгка паслізнуцца.

Падсумаваньне
На некаторых старонках я бачыў што гэтыя шыны трактуюць як 50/50(асфальт/афроўд) і я з гэтым не пагаджуся. На маю думку гэта хутчэй нейкія 70 асфальт/30* афроўд.
* азначае канешне аматарскі афроўд, найлепей у сухое надвор'е і адсутнасьць балота.Гэтыя шыны насамрэч добры кампраміс для асоб як я, хто хоча з'язджаць час ад часу з асфальту, але таксама захваць камфортныя варункі язды па асфальце.
Дзякуй што дачыталі да канца.