Рэклямацыя мота-ботаў SHIMA SX-2 Evo
верасень 22, 2023Вітаю!
Хачу падзяліцца сваім досьведам рэклямацыі абутку, а менавіта мота-ботаў SHIMA SX-2 Evo.
Вось такая сітуацыя здарылася з жонкінымі мота-ботамі падчас астатняй нашай паездкі выхаднога дня:
Падчас звычайнага зацягвання шнурка, частка пад'ёму дзе запраўляецца шнурок проста адарвалася. Было вельмі дзіўна.
Гэтыя боты былі купленыя крыху больш за год таму. Не магу казаць што жонка часта імі карысталася. Я дарэчы маю такія самыя ўжо больш за два гады, толькі ў цёмна-сінім колеры і большага розмеру. Але свае я абуваю амаль штодня ў сезон, і зацягваю шнуркі даволі моцна і ў мае ўсё яшчэ цэлыя. Я як і жонка вельмі задаволеныя гэтымі ботамі: яны вельмі зручныя і ў іх не пацеюць ногі, нават у сьпеку.
Што рабіць - паехаў да шаўца. Шавец паглядзеў і кажа: "О пане, дык гэта ж фабрычная недаробка! Шукаць чэк і вяртаць у краму па гарантыі з рэклямацыяй. Толькі калі адмовяць, то прывазіць сюды - будзем нешта камбінаваць." Ён таксама зьвярнуў маю ўвагу што ўзмацняючы слой у сярэдзіне - не прашыты цалкам, таму калі зацягваўся шнурок, то ён трымаўся толькі самой тканінай:
Мала хто аб гэтым ведае, але ў Польшчы звычайная гарантыя складае 2 года ад моманту продажы. Так, трэба мець чэк, але не абавязкова мае быць папяровы - электроннай копіі дастаткова. Нават калі ў вас няма і электроннай копіі і вы плацілі карткай, то вы можаце адшукаць нумар транзакцыі і гэтага будзе дастаткова!
Але ў нашым выпадку чэк знайшоўся. Я паехаў у краму дзе купляў боты. Усё паказаў, прадавец спытаў як гэта сталася, але насамрэч нічога незвычайнага з ботамі не рабілася - жонка іх проста абула ды зацягнула шнуркі. Прадавец сам запоўніў патрэбныя паперы і без пытаньняў прыняў боты. Казаў што прыймаць рашэньне ўсё роўна будуць эксперты на фабрыце цягам 14 дзён. Я атрымаў дакумент і паехаў дамоў чакаць.
Але ўжо праз 4 дні я атрымаў смс што трэба пад'ехаць у справе маёй рэклямацыі да крамы. Без якіх-небудзь дэталяў. Ну ўсё думаю - адмова, бо здаецца так хутка толькі адмовы вырашаюцца :)
Прыехаў, а мяне ў краме чакае вынік - новая пара ботаў. На фабрыцы прызналі недаробку і адпраўлі новую пару без пытаньняў.
Што тут казаць - я быў прыемна здзіўлены. Шкада што ўвогуле такая сітуацыя здарылася, але фірма павяла сябе вельмі пачціва і мой давер да яе адноўлены.
Дзякуй што дачыталі да канца!
Карыстайцеся сваімі правамі!