← назад

Тэст драйв R18

лістапад 24, 2023

Прывітаньне!

Падчас мерапрыемства BMW Motorrad Days у Зяленцы я нарэшце атрымаў магчымасць пакатацца на BMW R18, матацыкле, за якім я назіраў ад часу прэм'еры ў далёкім 2020 годзе.

Дзесьці ў глыбіні мяне яшчэ жыве даўняя юнацкая мара пра круты чоппер, якая з часам трасфармавалася ў круізёр - не сакрэт што з векам хочацца каб камфорту было як мага больш. Мне здавалася што менавіта гэты матацыкл ідэальна падобны да майго матацыкла-мары.

Ну і вось мне дастаўся матацыкл у версіі Transcontinental - для вялікіх круізаў з люксавым камфортам.

BMW R18 Transcontinental
BMW R18 Transcontinental

Паглядзіце самі:

  • апазітны рухавік аб'ёмам 1802 куб.см з дзьвюма вялічэзнымі цыліндрамі
  • карданны вал
  • усякія электронныя сістэмы тыпу актыўнага круіз-кантроля, электрычна рэгуляванай падвескі і рэжымамі язды - гэта ўсё ж такі БМВ!
  • электрычны задні ход(!)
  • стылёвыя куфры з убудаванай аўдыёсістэмай
  • вялікія скураныя сядзенні
  • ачмурэнна стылёвы выгляд

Месца для тэст-драйву нельга было знайсьці лепей - Судэцкія горы. Якраз тое, што трэба. Ну што ж, паехалі.

  1. Першае ўражаньне

    Ён проста АГРОМНЫ. Ва ўсіх сэнсах.

    Калі сеў на яго і паспрабаваў зняць з падножкі я імгненна адчуў які ён цяжкі. Я ўжо потым загугліў што ягоная маса 426 кг (для даведкі, гусь важыць усяго 268 кг). У параўнаньні да гуся ён вельмі нізкі, зручна садзіцца і ногі добра дасягаюць зямлі, хацелася нават каб ён трохі вышэйшы быў як на мае 185см.

    Жонцы вельмі спадабалася сядзенне пасажыра: вялікае, утульнае, як кожаны трон. Сказала, што тэарэтычна магла бы нават спаць на ім падчас язды па аўтабане.

  2. Рухавік

    На халастых абаротах рухавік даволі моцна вібруе. Адчуваецца вялікі момант кручэння - матацыкл разам з пасажырам рушаецца з месца нават без дадаваньня газу. Моцы яму відавочна не бракуе: я спачатку плутаўся ў перадачах і, здаецца, рухавік гэтага нават не заўважыў. Адным словам, аматары язды на халастых абаротах будуць у захапленьні. Калі казаць пра расход паліва - у мяне ён паказваў 7 літраў пасля гадзіны няспешнай язды з пасажырам па горных дарогах. Многа гэта ці мала няхай кожны вырашае сам. Але з бакам у 24 літры хутчэй за ўсё кожныя 300км прыйдзецца наведваць запраўку.

  3. Выхлап і гук

    У гэтым матацыкле быў стокавы выхлап. Я марна лічыў што рухавік з такім аб'ёмам будзе гучаць сакавіта і гучна, штосьці ў стылю Харлея. У рэчаіснасьці - выхлап невыразны, ціхі і проста... ніякі. Яго не хочацца круціць, не хочацца слухаць. Пазьней, я знайшоў адзін экземпляр з нейкім кастамным выхлапам за шмат грошаў, які гучаў больш прыемна і басавіта, але да Харлея яму далёка як да месяца. Гучаньне рухавіка ў R18 проста ніякае, якое абсалютна не падыходзіць да ягонага выгляду.

  4. Уражаньні ад язды

    R18 відавочна мае даволі нізкі цэнтр цяжару. Я быў упёўнены што гэта зробіць яго вельмі прыемным у кіраваньні. Але, на жаль, было зусім наадварот: па маіх адчуваньнях на невялікіх хуткасьцях ён увесь час быццам хацеў заваліцца ў бок і я літаральна змагаўся з стырном каб да гэтага не дайшло. Ён вельмі добра сам едзе па простай дарозе, але ўсё іншае - гэта як язда на вялізным катке. На хуткасьці ён нахіляецца вельмі неахвотна. У паваротах мне ехалася вельмі няўпэўнена і некамфортна, за гадзіну я так і не змог прызвычаіцца да яго.

    Таксама як ня змог прызвычаіцца да пазіцыі, якая апынулся даволі некамфартовай для мяне: рукі былі занадта нізка і я ўвесь час моцна сутуліўся. Напэўна гэта можна паправіць нейкімі прастаўкамі ці рэгуляцыяй. Але само сядзенне мне спадабалася, як і майму пасажыру. Тут без нараканьняў.

    Асобна хацелся б адзначыць даволі вялыя тармазы. Я разумею што спыніць больш за паўтоны не вельмі простая справа, але тармазы пасля гуся мне паказаліся невыразнымі і неінфарматыўнымі. Моцны рухавік правакуе цябе разганяцца, але потым, калі трэба тармазіць і хутка, робіцца вельмі няпэўна.

    Актыўным круіз-кантролем не давялося скарыстацца - гэта выняткова аўтастрадная опцыя.

  5. Падвеска

    Нечакана жорсткая. Спрабаваў пераключаць рэжымы - істотнай розніцы паміж рэжымам ROCK і рэжымам ROLL я не адчуў. Матацыкл для якаснага асфальту, без варыянтаў.

  6. Багаж і аўдыёсістэма

    Куфры з вонку выглядаюць стыльна, але ўнутры яны даволі маленькія. Частку месца зверху забірае аўдыёсістэма. Яны да таго ж няздымныя - для мяне гэта вялікі мінус, гэта вельмі нязручна ў падарожжах. Трэба мець нейкія торбы пад іх, а гэта яшчэ мінус месца. Не скажу ў цыфрах, але візуальна яны значна меншыя ў параўнаньні да маіх куфраў на гусе.

    Аўдыёсістэма - добрая, толькі я адчуваў сябе вельмі нязручна: усе мінакі глядзяць на цябе, быццам ім не падабаецца твая музыка(хутчэй за ўсё гэта так!). Калісьці я хацеў мець такое на матацыкле, але здаецца ўжо вырас з гэтага. Адзіная карысць - можна слухаць музыку з сябрамі на яком-небудзь сваім злёце(прывітаньне Алег!).

  7. Электрычны задні ход

    Задні ход на матацыкле для мяне не навіна - я ўжо меў такое на Ўрале. Гэта вельмі зручная рэч, калі матацыкл цяжкі, не заўсёды хапае ног каб выпіхнуць яго. На Ўрале ён быў механічны, як асобная перадача, а тут БМВ зрабілі асобны электраматор, які па націску кнопкі падключаецца да трансмісіі і пачынае круціць яе у зваротны бок. Электрычная версія мне моцна не спадабалася. У механічнай ты можаш рэгуляваць момант кручэння шчапленьнем і газам, тут жа ціснеш кнопку і момант з'яўляецца лавінападобна. Я так ледзьве не ўпаў з гэтага слана. Магчыма, да яго можна прызвычаіцца, але каб скарыстацца без падрыхтоўкі - трэба быць вельмі акуратным.

BMW R18 Transcontinental
BMW R18 Transcontinental

Падсумаваньне.

Нажаль, я здаецца зразумеў чаму за 3 гады гэтых матацыклаў так і ня бачна на дарогах: ён мае найсучасныя тэхналогіі, але ня мае легендарнасьці, ня мае нейкага агеньчыку які трапляе проста ў сэрца і захапляе ад першай хвіліны язды. Ён даволі дарагі і мае моцных канкурэнтаў ў гэтым класе, з якімі супернічаць яму будзе вельмі цяжка.

Мае асабістыя ўражаньні: мне ўсё яшчэ вельмі падабаецца эстэтычна, але ўсё што датыкаецца язды - расчараванне. Зразумела, што гэты матацыкл нельга параўноўваць з гусём - гэта зусім розныя матацыклы для розных задач, але аб'ектыўна гадзіна язды выклікала ў мяне больш пытаньняў, чым задаволеннасьці. Калі б у мяне было шмат лішніх грошаў - я б магчыма купіў яго як другі матацыкл. Але лішніх грошаў пакуль што няма і R18 не задаволіць і палову маіх сёньняшніх патрэбаваньняў.

Падобныя ўражаньні я меў пасля тэст-драйву Харлеяў. Што ж, здаецца і ў гэты раз мара павінна заставацца мараю.

Альбо проста трэба прызнаць што гэты тып матацыклаў - гэта не маё :)

BMW R18 - мара павінна заставацца мараю
BMW R18 - мара павінна заставацца мараю
© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2025